2016-07-28 12:30:00

Францішак адказаў на пытанні польскага епіскапату


Небяспека секулярызацыі і атэізму, схільнасць да “абагаўлення” грошай, праблема выхавання моладзі, дзейнасць парафій, стаўленне да бежанцаў – такімі разнастайнымі былі пытанні, узнятыя польскім епіскапатам падчас дыялогу з папам Францішкам увечары 27 ліпеня 2016 г. Сустрэча адбылася ў катэдральным касцёле Кракава з удзелам каля 130 біскупаў.

Адказваючы на пытанне польскіх іерархаў адносна магчымых “лекаў” супраць атэізму і секулярызму, якія пагражаюць, у тым ліку, і Польшчы, Пантыфік нагадаў пра неабходнасць быць бліжэй да людзей, а таксама пра ўмацоўванне сувязі маладога пакалення з бабулямі і дзядулямі, якія былі і застаюцца асноўнай крыніцай і прыкладам веры.

Прагучала і пытанне аб дзейснасці і запатрабаванасці парафій як структурных адзінак Касцёла. Францішак падкрэсліў, што парафія заўсёды застаецца незаменнай; гэта дом Божага народа. У працяг тэмы Папа нагадаў аб важнасці рэлігійных рухаў, якія ўнутры парафій набываюць асаблівае значэнне.

Нарэшце, прадстаўнікі польскага епіскапату пацікавіліся стаўленнем Пантыфіка да бежанцаў. Святы Айцец прызнаў, што адзінай формулы паводзін у адносінах да гэтых людзей не існуе – усё залежыць ад канкрэтнай краіны, яе магчымасцяў, культуры і традыцый. Там не менш, важна, наколькі гэта магчыма, заставацца па-хрысціянску адкрытымі і гасціннымі.








All the contents on this site are copyrighted ©.