2016-07-28 14:19:00

Беларусы на СДМ: дэманстрацыя жывога Касцёла


Беларускія пілігрымы працягваюць прымаць удзел у Сусветных днях моладзі ў Кракаве. З самага пачатку беларускую групу суправаджалі Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч і дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. А ў чацвер у Кракаве віталі арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, які распавёў Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё аб сваім удзеле ў моладзевым форуме. Ён правядзе для пілігрымаў з Беларусі катэхезу на тэму “дынамічнага сведчання міласэрнасці”, а пасля ўзначаліць св. Імшу. І таксама разам з усімі пілігрымамі будзе ўдзельнічаць у мерапрыемствах на чале з Папам Францішкам. Дагэтуль група з Беларусі ўжо слухала катэхезы на тэму міласэрнасці, якія прачыталі біскуп Юзаф Станеўскі і біскуп Алег Буткевіч, таксама моладзь давала свае сведчанні, а некаторым ужо ўдалося ўбачыць папу Францішка, які прывітаў пілігрымаў з Папскага акна.

Дні моладзі – гэта заўсёды дэманстрацыя жывога Касцёла, людзі едуць сюды з патрэбы свайго сэрца, бо прагнуць не толькі дыскатэкаў, тэатраў, спорту, але і духоўнасці, адзначыў арцыбіскуп Кандрусевіч: “Я ўспамінаю першы Дзень моладзі, у якім я браў удзел - 25 гадоў таму ў Чэнстахове, і сёння ў Кракаў прыехалі дзеці тых вернікаў з Беларусі, якія былі тады ў Чэнстахове. Гэта радасна”.

Каардынатар беларускіх пілігрымаў на Сусветных днях моладзі ш Кракаве кс. Антоні Грэмза адзначыў, што ўсе арганізацыйныя пытанні вырашаюцца паспяхова, большасць беларусаў жыве ў сем’ях, а ўся група пілігрымаў з Беларусі налічвае каля 2 тыс. чалавек. “Вельмі цудоўна, што мы разам. Колькі людзей прыехала – гэта не важна, а важна тое, што прыехалі з вялікім жаданнем браць удзел у Сусветных днях. Бачым радасць, бачым веру моладзі – гэта цудоўна, што праз такія знешнія праявы мы паказваем, што мы адзіная Божая сям’я”, - паведаміў святар.

Сястра Малгажата прывезла з Докшыц 43 чалавекі. Гэта шмат для маленькага райцэнтра Віцебскай вобласці. “У Кракаве жывем па два, тры, пяць чалавек у сем’ях, нас вельмі адкрыта прынялі. Галоўная наша мэта – сустрэцца з Папам, да гэтага мы рыхтаваліся. І праз сустрэчу з ім мы спадзяемся паглыбіць нашу веру, давер до Бога, прымірыцца з самім сабой, асаблівым чынам паспавядацца і перажыць гэтую дарогу, якую ў Кракаве падрыхтавалі для маладых людзей”, - сказала законніца.

Маладая верніца з Докшыц Анжаліка Кароль у захапленні ад праведзенага часу ў Кракаве і на дыяцэзіяльных днях моладзі ў Седліцах. “За гэтыя два дні ўжо вельмі шмат уражанняў, пазнаёміліся са шматлікімі людзьмі, даведаліся аб многіх культурах. Я прыехала сюды, каб стаць бліжэй да Бога і пазнаёміцца з рознымі людзьмі”, - сказала яна.

Сёння вечарам пілігрымы вітаюць Папу на Кракаўскіх Лугах, куды ён прыбудзе пасля наведвання Чэнстаховы. Брат-паулін Ануфрый Алхолік з Беларусі з пачатку лета знаходзіўся на Яснай Гары і дапамае рыхтавацца да прыняцця пілігрымаў: “Наша паслуга палягае на дапамозе пілігрымам у малітве. Мы духоўна ўводзім пілігрымаў з розных куткоў свету ў таямніцу месца Яснай Гары”, - сказаў ён Ватыканскаму радыё.

Трэба нагадаць, што на Сусветных днях моладзі пілігрымаў чакае яшчэ шмат сустрэчаў з Папам: Крыжовы шлях, чуванне, развітальная св. Імша.

Павел Міцкевіч, Кракаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.