2016-07-27 12:05:00

Прэзідэнт Францыі патэлефанаваў Пантыфіку


Прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд патэлефанаваў Святому Айцу Францішку, каб пераказаць смутак французскага народа ў сувязі з забойствам святара Жака Амеля, здзейсненым тэрарыстамі 26 ліпеня 2016 г. падчас літургіі ў касцёле Сэнт-Эцьен-дзю-Руврэ дыяцэзіі Руана. Аб гэтым паведамляецца на сайце Елісейскага палаца, рэзідэнцыі лідэра французскай дзяржавы.

“Калі святар падвяргаецца нападу, гэта раніць усю Францыю”, - сказаў Франсуа Аланд і запэўніў Пантыфіка, што “будзе зроблена ўсё магчымае, каб абараніць касцёлы і месцы культу”.

Прэзідэнт Францыі нагадаў таксама аб ролі яго краіны ў абароне хрысціян Усходу і выказаў надзею, што ў існуючых умовах, балючых і суровых, дух гармоніі пераможа нянавісць.

Забойства каталіцкага святара адбылося раніцай 26 ліпеня 2016 г. Двое злачынцаў захапілі закладнікаў у касцёле горада Сэнт-Эцьен-дзю-Руврэ. У выніку жорсткага нападу мясцовы пробашч, кс. Жак Амель, загінуў, яшчэ некалькі асоб былі сур’ёзна паранены. Тэрарысты “былі нейтралізаваны” ў ходзе штурму.








All the contents on this site are copyrighted ©.