2016-07-26 13:41:00

Распачынаюцца Сусветныя дні моладзі ў Кракаве


26 ліпеня 2016 г. ў Кракаве распачынаюцца XXXI Сусветныя дні моладзі – найбуйнейшая ў свеце сустрэча маладых хрысціян, у якой традыцыйна прымае ўдзел Святы Айцец. Увечары на Кракаўскіх лугах адбудзецца св. Імша на адкрыццё форуму, якую ўзначаліць арцыбіскуп Кракаўскі, кардынал Станіслаў Дзівіш. Усяго ж сумесная малітва і духоўны адпачынак каталіцкай моладзі будуць трываць шэсць дзён.

На Кракаўскіх лугах на наступны дзень, 27 ліпеня, адбудзецца цырымонія прывітання Святога Айца, а ў пятніцу 29 ліпеня – Крыжовы шлях. Суботняе начное чуванне моладзі з удзелам Пантыфіка (30 ліпеня) і заключная нядзельная св. Імша (31 ліпеня) пройдуць на “Campus Misericordiae” (Поле міласэрнасці) – тэрыторыі ў некалькі гектараў на мяжы Кракава і Вялічкі, на якім могуць размясціцца каля 2 млн. чалавек. Дэвіз сёлетніх Дзён моладзі - “Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць” (Мц 5,8).

Своеасаблівай падрыхтоўкай да распачацця афіцыйнай праграмы форуму сталі Дні ў дыяцэзіях, якія праходзілі па ўсёй Польшчы з 20 ліпеня. За гэты час пілігрымы змаглі пазнаёміцца з гісторыяй, традыцыямі і культурай краіны, якая з’яўляецца радзімай св. Яна Паўла II, ініцыятара Сусветных дзён моладзі.

На форум зарэгістраваліся амаль 600 тыс. асоб са 185 краін, што стала рэкордам для гэтай падзеі. На папярэдніх фестывалях – у Мадрыдзе і Рыа-дэ-Жанейра – гэтыя лічбы былі адпаведна 420 тыс. і 355 тыс. чалавек. Усяго ж у Кракаве чакаюць прыезду каля 2 млн. гасцей, паколькі большасць звычайна не праходзіць рэгістрацыі.

Польшча прымае каталіцкі форум ужо ў другі раз. У 1991 г. сустрэча праходзіла ў Чэнстахове. Гэты горад у рамках сёлетняга візіту наведае Францішак. 28 ліпеня ў мясцовым марыйным санктуарыі Святы Айцец узначаліць Эўхарыстыю. Акрамя таго, у насычанай яго праграме значацца наведванне былога канцэнтрацыйнага лагера “Аушвіц-Біркенаў” і сустрэча з пацыентамі і супрацаўнікамі ўніверсітэцкай педыятрычнай клінікі Кракава.

Падчас прэзентацыі ў Ватыкане падарожжа папы Францішка ў Польшчу кс. Фэдэрыка Ламбардзі, выконваючы абавязкі кіраўніка Залы Друку Святога Пасаду, падкрэсліў, што гэтая паездка будзе адбывацца ў “двух вымярэннях” – яе адрасатамі стануць як маладыя людзі, так і польскі народ.

Сам жа Пантыфік у відэапасланні з нагоды Сусветных дзён моладзі ў Кракаве прызнаўся, што сваё падарожжа лічыць “вялікім падарункам ад Пана”, бо там зможа сустрэцца з людзьмі, якія “спазналі шмат выпрабаванняў”, але “пайшлі наперад з сілай веры”, пры падтрымцы “матчынай рукі Панны Марыі”.








All the contents on this site are copyrighted ©.