2016-07-24 12:13:00

Пантыфік спачувае ў сувязі з тэрактамі ў Мюнхене і Кабуле


Францішак выказаў свае сардэчныя спачуванні ў сувязі з падзеямі ў нямецкім Мюнхене і афганскім Кабуле. “У гэты час наша душа ў чарговы раз патрэсена сумнымі навінамі, звязанымі з жудаснымі актамі тэрарызму і насілля, якія выклікалі боль і смерць. Я маю на ўвазе драматычныя падзеі ў Мюнхене ў Германіі і ў Кабуле ў Афганістане, дзе былі забітыя многія нявінныя людзі”, - сказаў Пантыфік 24 ліпеня 2016 г. падчас нядзельнай малітоўнай сустрэчы з вернікамі на плошчы св. Пятра.

Ён выказаў сваю блізкасць сем’ям загінулых і параненых і запрасіў сабраных на ватыканскай плошчы і ля радыё- і тэлепрыёмнікаў далучыцца да яго малітвы, каб Бог натхняў усе добрыя і братэрскія намеры. “Чым больш непераадольнымі здаюцца цяжкасці і змрочнымі перспектывы бяспекі і міру, тым настойлівей павінна быць наша малітва”, - падкрэсліў Папа.

Свае спачуванні ў сувязі з падзеямі ў сталіцы Баварыі Францішак даслаў на імя арцыбіскупа Мюнхенска-Фрайзінгскага, кардынала Рэйнхарда Маркса. У тэлеграме за подпісам кардынала Дзяржсакратара Пьетра Параліна гаворыцца, што Пантыфік “лучыцца ў смутку і жалобе і выказвае сваю блізкасць у болю”, “у малітве давярае памерлых Божай міласэрнасці”, усім, хто пацярпеў ад нападу, выказвае сваё глыбокае спачуванне і дзякуе за дапамогу службам экстранай дапамогі і бяспекі. “Францішак просіць Езуса, Пана жыцця, каб усім даў сілы і суцяшэнне і прынёс надзею”, - гаворыцца ў тэлеграме.

Таксама ў сваім профілі ў сацыяльнай сетцы “Twitter” Папа запэўніў у сваёй малітоўнай памяці”. “Я малюся за ўсіх ахвяраў тэрарызму ў свеце. Прашу, ніколі больш тэрарызму! Гэта шлях без выхаду”, - напісаў ён.

У Мюнхене 18-гадовы чалавек забіў 22 ліпеня ў гандлёвым цэнтры 9 асоб і параніў 27, а затым пакончыў з сабой. Тэракт у Кабуле адбыўся 23 ліпеня. Адказнасць ўзяла на сябе тэрарыстычная групоўка “Ісламская дзяржава”. 80 чалавек загінулі, больш за 230 атрымалі раненні.








All the contents on this site are copyrighted ©.