2016-07-23 12:36:00

Папа адкрыта абмяняецца думкамі з польскім епіскапатам


Пантыфік абраў менавіта такую формулу сустрэчы з польскімі біскупамі, паколькі яна ўяўляецца яму найбольш адпаведнай, ён выкарыстоўвае яе часцей за ўсё падчас замежных паездак, сказаў Ватыканскаму радыё кс. Фэдэрыка Ламбардзі, каментуючы адзін з пунктаў падарожжа Францішка ў Польшчу. 

Выконваючы абавязкі кіраўніка Залы Друку Святога Пасаду растлумачыў, што гэта будзе сустрэча “ў форме дыялогу, і таму Папа не хоча выступаць з вялікай прамовай да біскупаў, але жадае паразмаўляць з імі, слухаючы іх пытанні. І ён хацеў бы, каб яны задаваліся з поўнай свабодай і спакоем”.

Таму не будзе тэлетрансляцыі сустрэчы, запланаванай на 27 ліпеня 2016 г., “каб стварыць атмасферу цалкам сямейную, расслабленую, са свабодай выказванняў, у першую чаргу, больш для саміх біскупаў, чым для Папы”, - дадаў святар. Ён патлумачыў, што “ідэя заключаецца ў тым, каб іерархі былі цалкам упэўненыя ў тым, што яны могуць казаць у поўнай меры як дзеці да бацькі, як субраты Біскупа Рыма і правадыра Паўсюднага Касцёла”.

Кс. Ламбардзі запэўніў, “на падставе таго, што рабіў Францішак падчас сваіх  ранейшых паездак за мяжу, гэта менавіта тое, чаго ён жадае больш за ўсё, і тое, што рабіў найчасцей”. Ён адзначыў, што Папа толькі “часам чытаў афіцыйныя публічная прамовы, але гэта былі выключэнні, напрыклад, зрабіў гэта ў Злучаных Штатах і Мексіцы”.

Але, калі справа даходзіла да сустрэч з трыма епіскапатамі: ў Афрыцы і ў Лацінскай Амерыцы, з біскупамі Кубы, або на працягу апошніх двух гадоў з італьянскай біскупскай канферэнцыяй, вельмі вялікай, Святы Айцец, калі гэта было магчыма, аддаваў перавагу сустрэчам у форме дыялогу.

“І гэта адбывалася не таму, што ён баіцца СМІ, бо мы добра ведаем, наколькі ён заўсёды гатовы даць інтэрв’ю, таксама на борце самалёта. Аднак, Папа заўсёды асцярожны, калі хоча стварыць атмасферу поўнай “сямейнасці”, свабоды і лёгкасці гутаркі з людзьмі, якіх сустракае. Тады лічыць за лепшае, каб СМІ не прысутнічалі. Так, напрыклад, адбываецца падчас ранішняй св. Імшы ў Доме св. Марты і ў многіх іншых выпадках. Ён кажа тады: не. На гэты раз таксама “не”. Чаму? Таму што кажа: “Я хацеў бы такой сямейнай, спакойнай, цалкам адкрытай атмасферы і таму аддаю перавагу, каб мы былі адны, як браты, падчас нашай сустрэчы”, - пракаментаваў запланаваную ў Польшчы сустрэчу Пантыфіка з мясцовым епіскапатам кс. Ламбардзі.








All the contents on this site are copyrighted ©.