2016-07-21 12:29:00

“L’Osservatore Romano” аб пахаванні арцыбіскупа Зімоўскага


Афіцыйныя СМІ Апостальскай Сталіцы паведамілі аб пахаванні арцыбіскупа Зыгмунта Зімоўскага, старшыні Папскай рады пастырства работнікаў сферы аховы здароўя. Пахавальная цырымонія адбылася 19 ліпеня 2016 г. у катэдральным касцёле польскага горада Радам. Перад сваім прызначэннем у Ватыкан іерарх быў пастырам Радамскай дыяцэзіі.

Літургію ўзначаліў арцыбіскуп Кракаўскі, кардынал Станіслаў Дзівіш. Удзел у св. Імшы прынялі шэсцьдзесят іерархаў і звыш двухсот польскіх святароў. Сярод прысутных быў таксама Апостальскі нунцый, арцыбіскуп Чэлесціна Мільёрэ, а таксама рэгент Апостальскай Пэнітэнцыярыі кс. Кшыштаф Ныкель, паведаміла “L’Osservatore Romano”.

“Ён жыў, каб служыць” – прывяла афіцыйная ватыканская крыніца словы арцыбіскупа Чэнстаховы Вацлава Дэпа, якімі іерарх падсумаваў жыццё спачылага. Гэтыя словы пацвердзіў і журналіст Франка Бальдзарэці ў змешчаным побач артыкуле, прысвечаным арцыбіскупу Зімоўскаму.

Аўтар матэрыяла ўзгадаў гамілію іерарха, якую той прамовіў падчас літургіі на адкрыццё XXIII Кангрэсу Сусветнай федэрацыі каталіцкіх медыкаў Лурда. Падчас яе арцыбіскуп Зімоўскі сказаў: “Прашу вас з мужнасцю абвяшчаць Евангелле любові сучаснаму свету, даючы надзею хворым, церпячым, тым, хто прабывае ў роспачы, хто прагне праўды і супакою. Робячы дабро бліжняму, вы сведчыце, што Бог ёсць любоў. Толькі калі да сэрца чалавека дакранаецца Божае слова, яго энергія накопліваецца, каб прымаць веру. Вера – гэта дар і адначасова заданне бачыць Езуса ў бліжнім”.

Арцыбіскуп Зімоўскі часта засяроджваўся на зямных пакутах чалавека і казаў, што яны перажываюцца ў святле веры, узгадаў Бальдзарэці. Вера ў гэтым выпадку не проста карысная – яна неабходная, казаў іерарх. 

Спачылы арцыбіскуп заўсёды выступаў у абарону жыцця і чалавечай годнасці, заклікаў адважна супрацьстаяць распаўсюджванню практык аборту, эўтаназіі, штучных метадаў зачацця. “Толькі так, аб’яднаўшы нашыя намаганні, зможам спыніць прасоўванне наперад культуры смерці”, - сцвярджаў арцыбіскуп Зімоўскі. Пры гэтым ён з глыбокай верай паўтараў: “Бог ніколі нас не пакідае!”, - гаворыцца ў артыкуле.








All the contents on this site are copyrighted ©.