2016-07-21 12:10:00

Кіраўнік ватыканскай дыпламатыі пра сітуацыю ў свеце


Падзеі на сусветнай арэне выклікаюць у нас вялікую занепакоенасць, таму што мы бачым, як павялічваюцца нянавісць і рознагалоссі, становіцца ўсё больш і больш цяжкім вырашэнне канфліктаў на аснове такіх крытэрыяў, як справядлівасць, годнасць і салідарнасць. На гэта звярнуў увагу Дзяржаўны Сакратар Яго Святасці Папы, кардынал Пьетра Паралін, адказваючы на пытанне журналістаў пра сённяшнія падзеі ў свеце. Размова адбылася 19 ліпеня 2016 г. у рэзідэнцыі Папскай акадэміі навук у Ватыкане пасля гадавой справаздачы аб навуковай і медыцынскай дзейнасці ватыканскай педыятрычнай бальніцы “Дзіцятка Езуса”.

Бліжэйшы супрацоўнік Пантыфіка падкрэсліў, што неабходна нанова паставіць у цэнтры чалавека і яго годнасць.“Пасля таго, што адбылося ў Ніцы, проста няма слоў. На маю думку, гэта праява чыстай нянавісці: так слепа нападаць на людзей, якія святкуюць, учыніць разню на дзецях і старых. На самай справе мы пытаемся, што адбываецца. Мы павінны працаваць разам, каб зразумець прычыны гэтых драматычных і балючых падзей, каб пераадолець іх”, - сказаў кардынал.

На яго думку, неабходна прымаць меры на многіх узроўнях, у тым ліку і з удзелам спецслужбаў, для гарантавання бяспекі. У той жа час, аднак, дзеянні павінны быць, у першую чаргу, культурнага характару, каб выкараніць гэтыя з’явы і дапамагчы народам і асобным людзям прыняць адно аднаго, лічыць кіраўнік ватыканскай дыпламатыі. Ён нагадаў словы Папы, які падкрэсліў, што нешта павінна быць зроблена, каб адрозненні, якія існуюць, сталі магчымасцю для ўзаемнага ўзбагачэння, а не для баявых дзеянняў і жалобы.

“Адпраўным пунктам з’яўляецца павага да чалавека і яго годнасці. У адваротным выпадку, нянавісць, насілле і падзелы будуць расці”, - сказаў кардынал Пьетра Паралін.








All the contents on this site are copyrighted ©.