2016-07-20 10:40:00

Францішак перад СДМ: хачу даць свету новы знак гармоніі


“Ужо блізкія ХХХІ Сусветныя дні моладзі, якія клічуць мяне на сустрэчу з маладымі людзьмі з усяго свету, запрошанымі ў Кракаў, і даюць мне радасную магчымасць сустрэцца з дарагім польскім народам”, - так распачаў сваё відэапасланне да ўдзельнікаў моладзевага форуму, які пройдзе 26-31 ліпеня ў гістарычнай сталіцы Польшчы, папа Францішак.

Пантыфік нагадаў пілігрымам, якія рыхтуюцца прыбыць у Кракаў, што “ўсё будзе праходзіць пад знакам міласэрнасці” і ўдзячнага і поўнага ўшанавання памяці Яна Паўла II, які быў стваральнікам Сусветных дзён моладзі і “правадыром польскага народа на яго нядаўнім гістарычным шляху да свабоды”.

Францішак падзякаваў маладым палякам за падрыхтоўку сустрэчы, асабліва малітоўную, за ўсё, што было зроблена, і за тую любоў, якая ў гэта была ўкладзена. Моладзі з Еўропы, Афрыкі, Амерыкі, Азіі і Акіяніі ён пажадаў, каб падарожжа ў Кракаў стала для іх пілігрымкай веры і братэрства. “Я вельмі хачу сустрэцца з вамі, каб даць свету новы знак гармоніі, мазаіку розных абліччаў, многіх рас, моў, народаў і культур, аб’яднаных у імя Езуса, Які з’яўляецца Абліччам Міласэрнасці”, - сказаў у сваім відэапасланні Папа.

Ён звярнуўся таксама да ўсяго польскага народа і прызнаўся, што сваё падарожжа лічыць “вялікім падарункам ад Пана”, бо сустрэнецца з людзьмі, якія “спазналі шмат выпрабаванняў”, але “пайшлі наперад з сілай веры”, пры падтрымцы “мацярынскай рукі Панны Марыі”. “Маральнае і духоўнае “здароўе” народу бачна па сям’і. Менавіта таму для св. Яна Паўла II былі настолькі важныя нарачоныя, маладыя сужэнствы і сем’і. Заставайцеся на гэтым шляху!” - сказаў у завяршэнне свайго відэазвароту папа Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.