2016-07-20 14:41:00

У Ватыкане прайшла прэзентацыя падарожжа Папы ў Польшчу


20 ліпеня 2016 г. у Ватыкане прайшла прэзентацыя падарожжа папы Францішка ў Польшчу, на Сусветныя дні моладзі. Кс. Фэдэрыка Ламбардзі, выконваючы абавязкі кіраўніка Залы Друку Святога Пасаду нагадаў, што Пантыфік, апрача Кракава – сталіцы моладзевага форуму, наведае таксама Чэнстахову і мемарыял “Аўшвіц-Біркенаў” каля Асвенцыма. Святар паведаміў, што падарожжа будзе адбывацца ў “двух вымярэннях” – яго адрасатамі стануць як маладыя людзі, так і польскі народ.

Польшча стане 23-й краінай, якую наведае цяперашні Пантыфік; гэта будзе яго 15-е падарожжа. Францішак ніколі ў жыцці не быў у Польшчы. Але гэта не першы папскі візіт у краіну. Сюды дзевяць разоў прыязджаў Ян Павел II, які сем разоў наведваў Кракаў. Ён таксама ў 1991 г. прымаў удзел у Сусветных днях моладзі ў Чэнстахове. Бэнэдыкт XVI здзейніў таксама паездку ў Польшчу ў 2006 г. Яна стала данінай павагі да яго папярэдніка. Тое падарожжа запомнілася, перш за ўсё, візітам у “Аўшвіц”, які меў асаблівае значэнне ў кантэксце нямецкага паходжання Папы.

Кс. Ламбардзі сканцэнтраваў увагу на праграме візіту Францішка і падкрэсліў асаблівым чынам адзін з яго пунктаў – Крыжовы Шлях з удзелам моладзі на Кракаўскіх лугах. Яго лейтматывам будуць Учынкі міласэрнасці для душы і для цела бліжняга, што ўпісваецца ў Год Міласэрнасці, які зараз праходзіць у Касцёле. Адных і другіх – па сем, таму яны добра кампануюцца ў традыцыйныя 14 стацый.

XXXI Сусветныя дні моладзі пройдуць 26-31 ліпеня 2016 г. у Кракаве. Першыя групы беларускіх пілігрымаў ужо накіраваліся на форум. Раніцай 20 ліпеня з Гродна ў Польшчу адправіўся спецыяльны цягнік з удзельнікамі Сусветных дзён. Таксама з многіх гарадоў Беларусі пілігрымы адправіліся ў Польшчу на аўтобусах. Спачатку яны прымуць удзел у Днях моладзі ў дыяцэзіях, а 25 ліпеня больш за 5 тыс. беларусаў накіруюцца ў Кракаў, дзе ўжо 26 ліпеня прымуць удзел ва ўрачыстым адкрыцці форуму, на якім чакаецца да 2 млн. маладых вернікаў з 185 краін свету.








All the contents on this site are copyrighted ©.