2016-07-20 11:58:00

Візіт Папы ў Асізі: малітва, медытацыя, наведзіны хворых


20 ліпеня 2016 г. была апублікавана афіцыйная праграма аднадзённага візіту папы Францішка ў Асізі. Ён адправіцца ў пілігрымку 4 жніўня 2016 г. Нагодай для яе стане 800-годдзе адпусту “Portiuncula”. Трыма пунктамі папскага візіту стануць: асабістая малітва ў храме “Portiuncula”, медытацыя, а затым сустрэча з хворымі братамі і святарамі з інфермерыі, якая дзейнічае пры кляштары францішканаў.

Прыбыццё Папы ў Асізі запланавана на другую палову дня. У 15.40 ватыканскі верталёт чакаюць на спартыўнай пляцоўцы горада. Святога Айца сустрэнуць касцёльныя і муніцыпальныя ўлады. Пасля прывітання ён адразу адправіцца ў базыліку Санта-Марыя-дэлі-Анджэлі ў Асізі, унутры якой знаходзіцца капліцай пад назвай “Portiuncula”. Тут Францішка чакаюць у 16.00.

Ён застанецца некаторы час у “Portiuncula” на асабістай малітве, а затым прапануе вернікам сваё разважанне, заснаванае на фрагменце Евангелля св. Мацвея, калі Пётр спытаў Езуса: “Калі мой брат зграшыць супраць мяне, колькі разоў я павінен прабачаць яму?” (Мц 18, 21-35). Святы Айцец таксама прывітае біскупаў і настаяцеляў Ордэна францішканаў, прысутных у базыліцы, а затым адправіцца ў інфермерыю, дзе наведае хворых братоў і святароў, а таксама паразмаўляе з персаналам медычнай установы.

Пасля гэтай кароткай сустрэчы Францішак выйдзе з базылікі, каб прывітаць вернікаў, сабраных на плошчы перад ёй. Адсюль каля 18.00 ён адправіцца аўтамабілем на тую ж спартыўную пляцоўку, каб адтуль на верталёце вярнуцца ў Ватыкан.

Назва адпусту “Portiuncula” (лац. маленькая часцінка) паходзіць ад разбуранага касцёла, які ў пачатку ХІІІ ст. Езус загадаў адбудаваць св. Францішку. Калі святы маліўся там, яму аб’явілася Марыя з Езусам і спытала, што ён хацеў бы атрымаць. Тады Францішак папрасіў ласку прабачэння пакарання за грахі, якія трэба выкупіць на зямлі або ў чысцы, для тых, хто пасля споведзі і св. Камуніі наведае гэта месца.








All the contents on this site are copyrighted ©.