2016-07-19 16:25:00

Святы Пасад заклікае да барацьбы супраць гандлю дзецьмі


Пастаянная місія назіральніка Святога Пасаду пры структурах ААН прыняла ўдзел у арганізацыі і правядзенні канферэнцыі “Ліквідацыя гандлю дзецьмі і падлеткамі” для абмеркавання эфектыўных метадаў барацьбы са з’явай, якая ператварае маладых людзей у нявольнікаў працы ці сексуальных паслуг. Форум прайшоў у Нью-Ёрку.

У сваім выступленні арцыбіскуп Бернардзіта Ауса нагадаў, што Каталіцкі Касцёл заўсёды выступаў за неабходнасць выкаранненя выпадкаў гандлю людзьмі. Гэтая праблема абмяркоўвалася падчас Другога Ватыканскага Сабору, уздымалася Пантыфікамі, нагадаў дыпламат. У 2015 г. папа Францішак прысвяціў пасланне на Сусветны дзень міру гэтай тэме і адначасова заклікаў дзяржаўных і рэлігійных лідэраў, навукоўцаў аб’яднаць намаганні для выкаранення гэтага “сацыяльнага раку”.

У гэтым кантэксце Францішак не аднойчы перасцерагаў, што мы маем справу з “адкрытай ранай на целе сучаснага грамадства”, “злачынствам супраць чалавечнасці”, “жудасным няшчасцем”. “Мы не можам заставацца абыякавымі перад усведамленнем таго, што людзі прадаюцца і набываюцца, як рэчы, нярэдка забіваюцца, нібы жывёлы”, - дадаў арцыбіскуп Ауса.

Прадстаўнік Апостальскай Сталіцы ўзгадаў “Праграму ўстойлівага развіцця да 2030 г.”, распрацаваную спецыялістамі ААН. Асобную ўвагу ўдзельнікаў канферэнцыі ён звярнуў на пункт дакумента, які абавязвае міжнародную грамадскасць “спыніць парушэнне правоў, эксплуатацыю, гандаль і любую форму насілля ў адносінах да дзяцей”.

“Гандаль чалавекам, незалежна ад яго ўзросту – гэта злачынства супраць чалавечнасці. Аднак ёсць нешта асабліва агіднае ў прадастаўленні для гэтага зверства дзяцей”, - сказаў арцыбіскуп Ауса і нагадаў словы Езуса з Евангелля паводле св. Мацвея: “Хто спакусіць аднаго з малых гэтых, якія вераць у Мяне, таму лепш павесіць на шыю млынавы камень і патапіць у марской глыбіні” (Мц 18:6).

Іерарх пераказаў заклік Святога Айца да міжнароднай грамадскасці – паважаць годнасць кожнага чалавека, у сваёй працы служыць, перш за ўсё, найбольш бедным і безабаронным слаям насельніцтва.

Падчас канферэнцыі былі заслуханы гісторыі асобных людзей, якія ў дзяцінстве сталі ахвярамі гандлю.








All the contents on this site are copyrighted ©.