2016-07-19 11:41:00

Папа прывітаў удзельнікаў генеральнага капітула дамініканаў


Пантыфік прывітаў удзельнікаў генеральнага капітула правінцыяльных настаяцеляў Ордэна братоў-прапаведнікаў, які праходзіць з 16 ліпеня па 5 жніўня 2016 г. у італьянскай Балонні. 

У тэлеграме за подпісам кардынала Дзяржсакратара Пьетра Параліна на імя генеральнага настаяцеля дамініканаў Францішак нагадаў, што сход праходзіць у кантэксце Юбілею Міласэрнасці і 800-годдзя зацвярджэння Ордэну папам Ганорыем IIІ і падкрэсліў, што менавіта “міласэрнасць з’яўляецца стаўпом, які падтрымлівае жыццё Касцёла”. Уся пастырская дзейнасць павінна адзначацца пяшчотай, а прапаведванне і сведчанне перад светам ніколі не можа абыходзіцца без міласэрнасці. Давер да Касцёла вызначаецца наяўнасцю “міласэрнай і спагадлівай любові, якая дае новае жыццё і мужнасць глядзець у будучыню з надзеяй”, падкрэсліў Святы Айцец.

Ён заклікаў паслядоўнікаў св. Дамініка быць “нястомнымі апосталамі ласкі і прабачэння, спачуваць бедным і заўзята бараніць ісціну”, сведчыць міласэрнасць, увасабляючы яе ў жыццё, быць “знакам блізкасці і пяшчоты Бога” перад сучасным грамадствам, якое стаіць перад тэрміновай патрэбай у салідарнасці, любові і прабачэнні.

Дамініканскі ордэн або Ордэн братоў-прапаведнікаў (Ordo fratrum praedicatorum, O.P.) – быў заснаваны іспанскім манахам св. Дамінікам. У 1214 г. вакол яго ў Тулузе ўтварылася першая супольнасць. Статут быў зацверджаны двума гадамі пазней папам Ганорыем III. Ордэн хутка распаўсюдзіўся ў Францыі, Іспаніі і Італіі. Найважнейшым напрамкам дзейнасці дамініканаў было паглыбленае вывучэнне тэалогіі з мэтай падрыхтоўкі добрых прапаведнікаў. Цэнтрамі ордэна сталі Парыж і Балоння – два найбуйнейшых універсітэцкіх гарады Еўропы. Сёння асноўнымі сферамі дзейнасці дамініканаў з’яўляюцца: пропаведзь Евангелля, вывучэнне навук, адукацыя, місійная праца. Дэвіз ордэна – “Усхваляць, Благаслаўляць, Абвяшчаць” (лац. Laudare, Benedicere, Praedicare).








All the contents on this site are copyrighted ©.