2016-07-19 17:02:00

Ватыканскі дыпламат: этыка і салідарнасць у свеце фінансаў


Апостальская Сталіца рашуча падтрымлівае імкненні па стварэнні глабальнай гандлёвай сістэмы падтрымкі развіцця бедных краін, лепшай і больш эфектыўнай сістэмы міжнароднага эканамічнага супрацоўніцтва, у рамках новага справядлівага глабальнага эканамічнага парадку. Аб гэтым заявіў 19 ліпеня 2016 г. у Найробі арцыбіскуп Іван Юркавіч, Пастаянны назіральнік Святога Пасаду пры аддзяленні ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе. У афрыканскай краіне праходзіць пасяджэнне Канферэнцыі ААН па гандлі і развіцці.

Ватыканскі дыпламат нагадаў, што апошнія тры гады адзначаліся гандлёвым спадам. І тут эканамічныя і фінансавыя суб’екты, як на міжнародным, так і нацыянальным узроўнях, павінны памятаць, што эканамічная дзейнасць функцыянуе не толькі за кошт самарэгулявання рынку і пагадненняў у інтарэсах самых магутных краін, але і знаходзіцца на службе асоб, якія працуюць і ўносяць ўклад у развіццё. Любая стратэгія росту павінна быць сканцэнтравана на чалавечай асобе і на прыярытэце чалавечай працы, нагадаў пазіцыю Апостальскай Сталіцы арцыбіскуп Юркавіч.

У гэтым кантэксце ён нагадаў, што менавіта сельская гаспадарка адыгрывае важную ролю ў эканоміцы бедных краін. Таму гэта сфера патрабуе асаблівай увагі, бо дапамагае вырашыць праблему харчовай бяспекі, садзейнічае развіццю мясцовых супольнасцяў, дробных фермераў і дробных вытворцаў, спрыяе захаванню мясцовых экасістэм.

Арцыбіскуп Юркавіч нагадаў аб заклапочанасці Святога Пасаду пытаннем знешняй запазычанасці бедных краін і звярнуў увагу на неабходнасць зняцця пазыковага цяжару. Ён нагадаў нядаўні заклік папы Францішка да лідэраў нацый дараваць або пераглядзець міжнародны доўг бедных краін. 

Запазычанасці краін, якія развіваюцца павінны быць змешчаны ў больш шырокім кантэксце эканамічных, палітычных і тэхналагічных адносін, якія прынесла ўзаемазалежнасці паміж краінамі. Гэтая ўзаемазалежнасць павінна прывесці да больш шырокай канцэпцыі салідарнасці, падкрэсліў арцыбіскуп.

У гэтым сэнсе Канферэнцыя ААН па гандлі і развіцці мае вельмі важнае значэнне, паколькі на ўзроўні арганізацыі адбываюцца даследаванні і аналіз міжнароднай валютна-фінансавай сістэмы, што павінна прывесці да рэкамендацый па вырашэнні праблем на фінансавых рынках, якія прыводзяць да макраэканамічнай нестабільнасці, скажэння міжнароднага гандлю і павышэння ўзроўню беднасці і няроўнасці, лічыць прадстаўнік Апостальскай Сталіцы.

Улічваючы вытворчыя, тэхналагічныя і навуковыя магчымасці сусветнай эканомікі ў ХХІ стагоддзі, міжнародная супольнасць не можа чакаць да канца цяперашняга глабальнага эканамічнага крызісу, каб рэалізаваць асноўныя правы мільёнаў людзей, якія да гэтага часу імі не карыстаюцца, у прыватнасці ў Афрыцы, падкрэсліў арцыбіскуп Юркавіч.

Сваю прамову да ўдзельнікаў Канферэнцыі ААН па гандлі і развіцці ватыканскі дыпламат завяршыў спасылкай на словы папы Францішка, які заявіў, што этыка павінна ізноў пачаць адыгрываць сваю ролю ў свеце фінансаў, а рынкі служыць інтарэсам народаў і агульнаму дабру чалавецтва.








All the contents on this site are copyrighted ©.