2016-07-16 13:06:00

Пантыфік здзейсніў перастаноўкі ў судовых структурах


Папа Францішак здзейсніў важныя перастаноўкі ў судовых структурах Апостальскай Сталіцы. Ён прыняў адстаўку, па прычыне дасягнення пенсійнага ўзросту, з пасады сакратара Найвышэйшага Трыбуналу Апостальскай Сігнатуры, арцыбіскупа Франса Даніэлса і прызначыў на яго месца біскупа Джузэпэ Шака, які да гэтага часу быў дапаможным сакратаром узгаданай дыкастэрыі.

Трэба нагадаць, што ў 2014 г. змяніўся прэфект Апостальскай Сігнатуры. На месца амерыканскага кардынала Рэйманда Лео Бёрка папа Францішак прызначыў былога сакратара па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі, кардынала Дамініка Мамбэрці. 

Найвышэйшы Трыбунал Апостальскай Сігнатуры (лац. Supremum Tribunal Signaturae Apostolicae) – вышэйшы суд у сістэме судаводства Каталіцкага Касцёла. Яго праца праводзіцца па трох секцыях – судовай, адміністрацыйнай вытворчасці і кіравання ўсёй сістэмай касцёльнага правасуддзя. Трыбунал выступае ў якасці вышэйшай судовай інстанцыі, разглядаючы пытанні аб несапраўднасці прысудаў аб прыняцці спраў да паўторнага разгляду пры адкрыцці новых абставінаў, канфліктах паўнамоцтваў паміж судамі, разглядае пратэсты супраць адміністрацыйных касцёльных актаў, уключаючы рашэнні па адміністрацыйных справах, перададзеных на яе разгляд Папам або падраздзяленнямі Рымскай курыі, забяспечвае належнае здзяйсненне правасуддзя ва ўсім Касцёле.








All the contents on this site are copyrighted ©.