2016-07-16 11:38:00

Ватыканскі іерарх: тэракт у Ніцы – напад на чалавечнасць


“Нашы намаганні, усіх вернікаў і ўсіх людзей добрай волі, павінны быць скіраваны на стварэнне сацыяльнай гармоніі і ўважлівага стаўлення да годнасці кожнага чалавека. У гэтым сэнсе, дыялог паміж рэлігіямі выяўляецца нечым жыццёва неабходным, што патрабуе прыхільнасці рэлігійных лідэраў разам з вернікамі сваіх супольнасцяў”, - гэта падкрэсліў сакратар Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу, біскуп Мігель Анхель Аюса Гішот, каментуючы крывавы тэракт у Францыі.

У інтэрв’ю ватыканскай “L’Osservatore Romano” пасля вяртання з Егіпта, дзе ён сустракаўся з лідэрамі Аль-Азхар, іерарх, таксама і ад імя кардынала Жан-Луі Тарана, старшыні дыкастэрыі і грамадзяніна Францыі, запэўніў у малітвах за ахвяр гэтага “жорсткага нападу на чалавечнасць”, выказваючы спачуванні ўсім тым, каго закрануў тэракт, з Ніцы, Францыі і ўсяго свету. “Мы ўсе шакаваныя тым, што здарылася”, - сказаў біскуп Аюса Гішот. Ён падкрэсліў, што самы вялікі боль зыходзіць ад разумення, наколькі бессэнсоўнай з’яўляецца жорсткасць, накіраваная на нявінных людзей, якія вядуць сваё мірнае паўсядзённае жыццё.

Сакратар Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу звярнуўся да міжнароднай супольнасці, асабліва “тых, хто трымае ў сваіх руках адказнасць за кіраванне дзяржаўнымі справамі”, пазбягаць папулізму і “рашуча імкнуцца” да выкаранення “бедства тэрарыстычнага гвалту ўсюды, дзе гэта адбываецца”.

У Ніцы грузавы аўтамабіль урэзаўся ў натоўп людзей, якія ўдзельнічалі ў мерапрыемствах з нагоды нацыянальнага свята Францыі – Дня ўзяцця Бастыліі. Пасля гэтага кіроўца адкрыў стральбу. Па апошніх дадзеных, загінулі 84 чалавекі, яшчэ каля 200 атрымалі раненні, сярод пацярпелых не менш за 54 дзіцяці, большасць з іх знаходзяцца ў цяжкім стане. Сярод загінулых 11 дзяцей і падлеткаў, больш за 50 чалавек знаходзяцца ў крытычным стане. У Францыі аб’яўлена трохдзённая жалоба.








All the contents on this site are copyrighted ©.