2016-07-15 12:40:00

Святы Пасад спачувае французскаму народу ў сувязі з тэрактам


Апостальская Сталіца выказала салідарнасць з французскім народам у сувязі з тэрактам, які быў здзейснены ў Ніцы ўвечары 14 ліпеня 2016 г. Па апошніх дадзеных, у выніку злачынства загінулі 84 чалавекі, яшчэ каля 200 атрымалі раненні.

“Гэтай ноччу мы з вялікім хваляваннем сачылі за жудаснымі навінамі з Ніцы. Ад імя папы Францішка выказваем наш удзел і салідарнасць у пакутах пацярпелых і ўсяго французскага народа ў гэты дзень, які меўся быць вялікім святам. Мы асуджаем любыя праявы вар’яцкага забойства, нянавісці, тэрарызму і любыя напады на мір”, - напісаў выконваючы абавязкі кіраўніка Залы Друку Святога Пасаду кс. Федэрыка Ламбардзі.

Увечары 14 ліпеня 2016 г. у Ніцы быў здзейснены тэракт. Падчас салюту з нагоды нацыянальнага свята Францыі – Дня ўзяцця Бастыліі, грузавы аўтамабіль на вялікай хуткасці ўрэзаўся ў натоўп людзей і, па словах сведкаў трагічных падзей, “тараніў” яго на працягу амаль двух кіламетраў, пасля чаго вадзіцель адкрыў агонь па прахожых.

Відавочцы кровапралітнага нападзення сцвярджаюць, што тэрарыст наўмысна вёў аўтамабіль зігзагамі, каб нанесці смяротныя пашкоджанні як мага большай колькасці людзей. Пазней французскі Прэзідэнт Франсуа Аланд таксама заявіў, што злачынца меў на мэце “забіваць, давіць, знішчаць”.

Тэрарыст быў застрэлены супрацоўнікамі паліцыі на месцы трагедыі. Ужо ўстаноўлена яго асоба. Вадзіцелем грузавіка аказаўся 31-гадовы француз тунісскага паходжання. У МУС Туніса заявілі, што да гэтага часу мужчына не лічыўся ў спісах тэрарыстаў.

Па апошніх дадзеных, у выніку тэракту загінулі 84 чалавека, яшчэ каля 200 атрымалі раненні. Сярод пацярпелых – не менш за 54 дзіцяці; яны дастаўленыя ў бальніцы горада. У Францыі аб’яўлена трохдзённая жалоба.








All the contents on this site are copyrighted ©.