2016-07-15 14:51:00

Кіраўнік ватыканскай дыпламатыі аб “Brexit”


Дзяржсакратар Яго Святасці Папы, кардынал Пьетра Паралін лічыць, што Каталіцкі Касцёл можа адыграць “важную ролю” ў пераадоленні цяперашняга крызісу пасля “Brexit”. У інтэрв’ю ватыканскай “L’Osservatore Romano” ён заявіў, што пасля правядзення рэферэндуму ў Вялікабрытаніі, які вызначыў выхад краіны з ЕС, трэба задумацца, як выкарыстаць гэту падзею ў якасці магчымасці для глыбокіх разважанняў.

На думку кіраўніка ватыканскай дыпламатыі, у гэтым працэсе маглі б дапамагчы Касцёлы і касцёльныя супольнасці, спрыяючы разуменню бягучых праблем, якія стаяць перад Еўропай, і ўмацаванню дыялога паміж рознымі інстанцыямі.

Сам “Brexit” кардынал Паралін акрэсліў як “велізарны шок”, кажучы, што гэта сітуацыя паказвае цэлы шэраг праблем, з якімі сутыкаюцца еўрапейскія інстытуты. З аднаго боку з’яўляюцца пажаданні: “больш Еўропы”, лепшая інтэграцыя, а з другога – патрабаванні большай незалежнасці і свабоды для асобных дзяржаў-членаў.

“Мы перажываем гістарычны момант, які шмат у чым заклікае да новага пераасэнсавання Еўропы”, - лічыць кардынал Дзяржсакратар.








All the contents on this site are copyrighted ©.