2016-07-15 14:22:00

Візіт Папы ў Аўшвіц – салідарнасць з яўрэйскім народам


Візіты Пантыфікаў у мемарыял “Аўшвіц-Біркенаў” маюць на мэце захаваць памяць і засведчыць салідарнасць з яўрэйскім народам, сказаў кардынал Курт Кох у інтэрв’ю кс. Манфрэду Дэсэлерсу, кіраўніку Цэнтра дыялогу і малітвы ў Асвенцыме. Старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству і Камісіі па рэлігійных адносінах з юдаізмам адзначыў, што перад абліччам новых праяваў антысемітызму Францішак пастаянна нагадвае, што не можна быць адначасова хрысціянінам і антысемітам. Папа наведае былы концлагер 29 ліпеня 2016 г.

Ватыканскі іерарх адзначыў, што юдэйска-хрысціянскі дыялог стаў важным не “пасля Аўшвіц”. “З юдаізмам мы, хрысціяне, маем унікальную сувязь, як з ніводнай іншай рэлігіяй. Гэта выказаў Ян Павел II падчас свайго візіту ў сінагогу Рыма 13 красавіка 1986 г. яснымі словамі: “Юдэйская рэлігія з’яўляецца для нашай рэлігіі не знешняй рэальнасцю, але нечым унутраным”. Пасля Аўшвіц дыялог стаў яшчэ больш важным, таму што Халакост паўплываў таксама і на нас, хрысціян, і мы павінны паставіць пытанне: чаму супраціў хрысціян адносна вынішчэння яўрэяў не быў настолькі моцным, наколькі можна было справядліва чакаць?”, - падзяліўся сваімі думкамі кардынал Кох.

“Аўшвіц не можна зразумець”, - дадаў старшыня Папскай рады, гаворачы пра злачынствы нацыстаў. “Нам пастаянна нешта перашкаджае і парушае рытм нашага жыцця. Хто слухае штодзённыя навіны, адчувае, што ў нашым свеце адбываецца шмат добрага, з якога мы можам атрымліваць асалоду, але і што на парадку дня ёсць шмат жаху і тэрору. Мы сутыкаемся з абодвума кірункамі і не можам іх запярэчыць іх існаванню. Чалавек можа сапраўды радавацца толькі тады, калі не пазбягае смутку. Слёзы радасці і слёзы болю выплываюць з той жа крынічнай вады душы”, - сказаў іерарх перад візітам Францішка ў мемарыял “Аўшвіц-Біркенаў”.








All the contents on this site are copyrighted ©.