2016-07-14 12:21:00

Святы Пасад працягне дыялог з мусульманскімі інтэлектуаламі


13 ліпеня 2016 г. сакратар Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу, біскуп Мігель Анхель Аюса Гішот здзейсніў працоўную паездку ў Егіпет. Ватыканскі іерарх наведаў універсітэт аль-Азхар у Каіры, дзе адбылася яго сустрэча з прадстаўнікамі найбуйнейшай у свеце ісламскай вышэйшай навучальнай установы, гаворыцца ў афіцыйнай заяве гэтай ватыканскай дыкастэрыі па выніках візіту.

Удзел у сустрэчы з іерархам прымалі член Цэнтра па дыялогу ўніверсітэта аль-Азхар, прафесар Камал Абд аль-Салам, член Рады старэйшых навукоўцаў, прафесар Махмуд Хамдзі Закзук, а таксама сакратар ісламскага даследчага комплекса ўніверсітэта, прафесар Махей Эль-Дзін Афіфі Ахмед. Туды прыбыў таксама Апостальскі нунцый у Егіпце, арцыбіскуп Бруна Музаро.

Затым усіх удзельнікаў сустрэчы прыняў намеснік імама найстарэйшага ісламскага навуковага цэнтра, прафесар Абас Шуман. Біскуп Аюса Гішот перадаў суразмоўцам прывітанні ад папы Францішка, пасля чаго бакі абмеркавалі тэрміны і форму правядзення наступнай сустрэчы, якая будзе сведчыць аб узнаўленні дыялогу паміж Папскай радай па міжрэлігійным дыялогу і ўніверсітэтам аль-Азхар.

“Пасяджэнне, якое прайшло ў атмасферы жывой сардэчнасці, падкрэсліла важнасць шчырага і плённага дыялогу паміж дыкастэрыяй і ўплывовым ісламскім універсітэтам, супрацоўніцтва, якое шукае карысці для чалавецтва і ўзмацнення сувязі паміж хрысціянамі і мусульманамі”, - адзначаецца ў паведамленні Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу.

Дыялог Апостальскай Сталіцы і ўніверсітэта быў прыпынены ў 2011 г. Прычынай стала заява Бэнэдыкта XVI аб неабходнасці бараніць егіпецкіх хрысціян, зробленая Святым Айцом услед за звесткамі аб нападзе мусульманскіх экстрэмістаў на копцкую царкву. Першым крокам да вяртання да дыялогу стала сустрэча 23 мая 2016 г. папы Францішка з кіраўніком універсітэта аль-Азхар імамам Ахмедам эль-Таэбам.








All the contents on this site are copyrighted ©.