2016-07-14 14:23:00

Святы Пасад заклікае аб’яднаць патэнцыял рэлігіі і спорту


Вывучэнне спосабаў спалучэння веры і спорту для паляпшэння чалавечага жыцця стане галоўнай мэтай першай міжнароднай міжрэлігійнай канферэнцыі, ініцыятарам якой выступіла Папская рада па культуры. Форум запланаваны на 5-7 кастрычніка 2016 г. і адбудзецца ў Ватыкане.

“Кінь выклік гульні жыцця, як гэта робіцца ў спартыўнай гульні” – так гучыць тэма канферэнцыі, натхнёная словамі папы Францішка. Плануецца, што ўдзел у сустрэчы прымуць каля 150 чалавек – рэлігійныя і спартыўныя лідэры з розных краін. “Гэта будзе першае ў Ватыкане пасяджэнне на вышэйшым узроўні на тэму спорта і веры. Аднак гаворка не ідзе аб ізаляванай падзеі, бо ідэя заключаецца ў стварэнні глабальнага руху, які злучыць усіх, незалежна ад веравызнання, культуры ці геаграфіі”, - патлумачыў падсакратар Папскай рады па культуры, кс. прэлат Мельхор Санчас-дэ-Тока-і-Аламеда.

Уключэнне, далучэнне, натхненне – гэтыя паняцці, па словах ватыканскага прадстаўніка, будуць вызначаць тэматычныя сферы канферэнцыі. “Мы паспрабуем зразумець, як вера і спорт могуць разам спрыяць будаўніцтву інклюзіўнага грамадства, абуджаць у людзях грамадзянскую свядомасць і жаданне працаваць на карысць грамадства, рабіць жыццё больш здаровым, цэласным і дасканалым, каб тым самым супрацьстаяць вялікім выклікам чалавецтва”, - дадаў кс. Аламеда.

Сумежнай тэмай канферэнцыі стане асоба трэнера, які для спартсменаў з’яўляецца сапраўдным настаўнікам. Асобная ўвага будзе ўдзелена годнаму выхаванню маладога пакалення. Падсакратар Папскай рады па культуры выказаў меркаванне, што і рэлігія, і спорт з’яўляюцца рухавікамі грамадства і здольныя навучаць станоўчым каштоўнасцям.

Адным з партнёраў канферэнцыі выступае найбуйнейшая нямецкая страхавая карпарацыя “Allianz”. Яе прадстаўнік Олівер Баэтэ назваў вялікім гонарам магчымасць супрацоўнічаць са Святым Пасадам, тым больш, што ідэя мерапрыемства адпавядае жаданню карпарацыі “падтрымліваць тых, хто выбірае адважнае жыццё”. “Канферэнцыя стане вуглавым камнем міжнароднага руху па будаўніцтве мастоў паміж людзьмі”, - дадаў Олівер Баэтэ.

Чакаецца, што ўдзел у адкрыцці форума прымуць папа Францішак, Генеральны сакратар ААН Пан Гі Мун і старшыня Міжнароднага алімпійскага камітэту Томас Бах.








All the contents on this site are copyrighted ©.