2016-07-14 13:01:00

Святы Айцец са спантанным візітам у ватыканскай дыкастэрыі


13 ліпеня 2016 г., падчас свайго летняга адпачынку, Францішак нечакана наведаў удзельнікаў пасяджэння Папскай камісіі па справах Лацінскай Амерыкі, якая дзейнічае ў рамках Кангрэгацыі па справах Біскупаў. Пантыфік правёў кароткую размову з удзельнікамі сустрэчы, таксама адбылася доўгая гутарка з сакратаром Камісіі, свецкім вернікам з Уругваю, Гусманам Карыкіры Лекурам.

Гэта быў не адзін з візітаў у ватыканскія дыкастэрыі, а сапраўдная “імправізацыя”, аб якой не ведаў ніводзін з прысутных. Аб гэтым распавёў папскі шафёр, якому Францішак паведаміў аб сваім рашэнні ў апошні момант, пасля візіту да стаматолага. Папа сказаў жандарму, які суправаджаў яго, што хацеў бы наведаць Камісію, якая праводзіць сваё пасяджэнне на Віа дэла Канчыліяцыёнэ 1, на супрацьлеглым баку ад плошчы св. Пятра.

Калі Францішак падняўся на 4 паверх, дзе працавала Камісія, яе ўдзельнікі абмяркоўвалі правядзенне Юбілею Міласэрнасці ў Багаце. Пасля прывітання адбыўся кароткі абмен думкамі са Святым Айцом.

“Гэта быў неверагодны сюрпрыз, які прыемна перапыніў ранішнюю працу”, - пракаментаваў папскі візіт Карыкіры, якога цытуе інфармацыйны партал “Il sismografo”. У той жа час, ён падкрэсліў, што гэта сустрэча насіла неафіцыйны характар і не была ўключана ў праграму папскіх візітаў у розныя дыкастэрыі Рымскай курыі, таму Камісія па-ранейшаму чакае наведзіны Святога Айца, на гэты раз афіцыйныя.

Папскую камісію па справах Лацінскай Амерыкі заснаваў Пій XII 21 красавіка 1958 г. для цэласнага вывучэння асноўных праблем каталіцкага жыцця, абароны веры і ўмацавання рэлігіі на кантыненце. Гаворка ішла таксама пра спрыянне лепшаму супрацоўніцтву паміж мясцовым Касцёлам і дыкастэрыямі Рымскай курыі і аказанне дапамогі мясцовым католікам.








All the contents on this site are copyrighted ©.