2016-07-14 13:16:00

Памёр “папскі кравец” Анібале Гамарэллі


За дзень да свайго 84-га Дня нараджэння памёр “папскі кравец” Анібале Гамарэллі. Італьянскія СМІ паведамілі пра тое, што кіраўнік самай вядомай швейнай студыі адышоў у вечнасць 13 ліпеня 2016 г. Размешчаная недалёка ад Пантэона сямейная фірма “Ditta Annibale Gammarelli” апранае Пантыфікаў з 1798 г., у тым ліку і Францішка.

У “Gammarelli” шылі адзенне для Яна Паўла II, Яна Паўла I, Яна XXIII і Пія IX. Бэнэдыкт XVI апранаўся ў размешчанай ля Ватыкану студыі па пашыве святарскай вопраткі “Euroclero”, дзе цэны ў цэлым ніжэйшыя.

Новую вопратку замаўляе ў “Gammarelli” і большасць новапрызначаных кардыналаў. „Sartoria per Ecclesiastici” (швейная майстэрня для духавенства) на Вія-Санта-Клара 34 у Рыме, насупраць касцёла Санта-Марыя-сопра-Мінерва, працуе з пастаяннай нагрузкай.

У майстэрні вісяць сем партрэтаў Пантыфікаў, для якіх працавалі ў “Gammarelli”. Кожны з партрэтаў вянчае аўтограф, яго няма толькі пад фотаздымкам Яна Паўла I, чый пантыфікат доўжыўся ўсяго 33 дні.

Перад кожным канклавам менавіта гэта швейная майстэрня пастаўляе ў Ватыкан папскія сутаны трох розных памераў. 








All the contents on this site are copyrighted ©.