2016-07-13 12:39:00

Святы Пасад за прызнанне незалежнасці Палестыны


Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры структурах ААН у Нью-Ёрку, арцыбіскуп Бернардзіта Ауса заклікаў міжнародную грамадскасць дазволіць, каб Ізраіль і Палестына зацвердзіліся ў межах дзвюх асобных дзяржаў. Нязменную пазіцыю Святога Пасаду іерарх нагадаў 13 ліпеня 2016 г. падчас чарговага пасяджэння Савета Бяспекі ААН на тэму сітуацыі на Блізкім Усходзе.

Прызнанне незалежнасці Палестыны з’яўляецца найбольш эфектыўным рашэннем для спынення канфліктаў у ізраільска-палестынскім рэгіёне і забеспячэння доўгачаканага міру для яго жыхароў – гэта перакананне Святога Пасаду.

Мірныя ізраільска-палестынскія перамовы зноў прыпынены, так і не вынайдзена рашэнне, якое б здавальняла абодва бакі. Дзесяцігоддзі дыскусій вакол палестынскага пытання не далі станоўчых вынікаў. “Даўно выйшаў адведзены час, каб пакласці канец ізраільска-палестынскаму канфлікту, які становіцца ўсё больш і больш непрымальным і ўсё больш і больш цяжкавырашальным”, - выказаў занепакоенасць арцыбіскуп Ауса.

Другое набалелае пытанне – сітуацыя ў Сірыі, жыхары якой па-ранейшаму церпяць невымоўныя пакуты, становяцца ахвярамі ваенных дзеянняў, вымушаны пакідаць месцы сталага жыхарства ў пошуках адноснай бяспекі. Асаблівую ўвагу членаў Савета Бяспекі ААН іерарх звярнуў на пераслед, якому падвяргаюцца хрысціяне, язіды і іншыя этнічныя і рэлігійныя меншасці ў Сірыі і Іраку.

Ватыканскі дыпламат адзначыў, што папа Францішак ускаладае адказнасць за бессэнсоўныя ахвяры сярод мірнага насельніцтва Сірыі на ўсіх, хто забяспечвае грашыма і зброяй бакі канфлікту і тым самым прычыняецца да разбурэння інфраструктуры гарадоў і праліццю крыві.

Дэлегацыя Святога Пасаду заклікала дзяржавы-пастаўшчыкі зброі абмежаваць яе колькасць і строга кантраляваць яе размеркаванне і ўжытак, спыніць нелегальныя пастаўкі ўзбраення.

Ватыканскі дыпламат выказаў упэўненасць, што культурныя, інтэлектуальныя і рэлігійныя рэсурсы, якімі валодае Блізкі Усход, могуць паслужыць плённай глебай для “нефармальнай дыпламатыі”, заснаванай на даверы, і спрыяць уключэнню грамадства ў працэс пабудовы міру. Арцыбіскуп Ауса заклікаў рэлігійных дзеячаў рэгіёну да больш актыўнага ўдзелу ва ўнутраных міратворчых ініцыятывах.








All the contents on this site are copyrighted ©.