2016-07-13 14:36:00

Ватыкан: першае пасяджэнне харвацка-сербскай камісіі


12-13 ліпеня 2016 г. у Ватыкане праходзіла першае пасяджэнне змешанай камісіі, якая складаецца з харвацкіх і сербскіх экспертаў, па пытанні супольнай ацэнкі жыцця благаслаўлёнага кардынала Алаізіе Стэпінаца. Размова ідзе пра пункт гледжання на яго дзейнасць у перыяд перад Другой сусветнай вайной, падчас і пасля яе завяршэння. Аб гэтым паінфармавала Зала Друку Апостальскай Сталіцы.

Камісія была створана па ініцыятыве Святога Айца, пасля шматлікіх сустрэч і кансультацый прадстаўнікоў Апостальскай Сталіцы, Сербскай Праваслаўнай Царквы і Канферэнцыі Біскупаў Харватыі, каб адказаць на неабходнасць удакладнення некаторых гістарычных праблем. Камісія будзе весці навуковую працу, выкарыстоўваючы методыку гістарычных навук, грунтуючыся на наяўнай дакументацыі і яе кантэкстуалізацыі. Яна не будзе ўнікаць у працэс кананізацыі благаслаўлёнага кардынала, што належыць да выключнай кампетэнцыі Апостальскай Сталіцы.

Чакаецца, што Камісія, на чале якой стаіць айцец Бернар Ардура, старшыня Папскага камітэта гістарычных навук, будзе сустракацца перыядычна на працягу 12 месяцаў. Наступнае пасяджэнне пройдзе 17-18 кастрычніка ў Заграбе.








All the contents on this site are copyrighted ©.