2016-07-12 13:27:00

Святы Пасад: дыялог з ісламскім інтэлектуальным цэнтрам


На 13 ліпеня 2016 г. запланаваны візіт сакратара Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу, біскупа Мігеля Анхеля Аюса Гішота ў Егіпет. Іерарх наведае ісламскі ўніверсітэт аль-Азхар у Каіры. Аб гэтым гаворыцца ў паведамленні ватыканскай дыкастэрыі.

У сядзібе ісламскага інтэлектуальнага цэнтра адбудзецца сустрэча ватыканскага іерарха з прафесарам Махмудам Хамдзі Закзукам, членам Рады старэйшых навукоўцаў і дырэктарам Цэнтра па дыялогу ўніверсітэта аль-Азхар. На ёй будзе прысутнічаць таксама Апостальскі нунцый у Егіпце, арцыбіскуп Бруна Музаро. 

“Падчас сустрэчы будуць вызначаны асноўныя накірункі ўзноўленага дыялогу паміж Папскай радай па міжрэлігійным дыялогу і ўніверсітэтам аль-Азхар”, - удакладняецца ў паведамленні ватыканскай дыкастэрыі.

Візіт стаў магчымым пасля гістарычнай сустрэчы 23 мая 2016 г. папы Францішка з кіраўніком прэстыжнай егіпецкай вышэйшай навучальнай установы імамам Ахмедам эль-Таэбам. Ініцыятарам працягу дыялогу выступіў Святы Пасад у адпаведнасці з пажаданнем, якое раней выказаў Пантыфік.








All the contents on this site are copyrighted ©.