2016-07-12 11:36:00

Прэфект па камунікацыі пра два ўрокі кс. Фэдэрыка Ламбардзі


11 ліпеня 2016 г. у Зале Друку Святога Пасаду развіталіся з яе шматгадовым кіраўніком, кс. Фэдэрыка Ламбардзі. Пантыфік прыняў яго адстаўку з пасады, якую езуіт займаў з 2006 г. 

Падчас цырымоніі, прэфект Сакратарыяту па камунікацыі, кс. Дарыё Вігано падкрэсліў два аспекты “доўгага ўрока”, які кс. Ламбардзі пакінуў у спадчыну новым кіраўнікам ватыканскай прэс-службы. На яго думку, стылем былога дырэктара Залы Друку было “касцёльнае бачанне падзей”: з розных пунктаў гледжання, з улікам існавання адрознасцяў у культуры Касцёла. Паколькі Касцёл з’яўляецца не “маналітным досведам”, а еднасцю разнастайнасці, кс. Ламбардзі заўсёды спрабаваў у сваёй працы паказаць адзінае бачанне Касцёла, дзе адрозненні з’яўляюцца не прычынай для варожасці, а ўзбагачэннем, падкрэсліў прэфект ватыканскай дыкастэрыі.

Другі ўрок кс. Ламбардзі, заўважыў святар, гэта яго “духоўная герменеўтыка”, у якой Касцёл не абірае адную пазіцыю на шкоду іншай – Касцёл Каталіцкі і таму не ўспрымае нікога як суперніка.

Трэба адзначыць, што кс. Фэдэрыка Ламбардзі на працягу дзесяці гадоў кіраўніцтва прэс-службай Святога Пасаду давялося сутыкнуцца з мноствам складаных сітуацый. У першую чаргу, гаворка ідзе пра адстаўку Бэнэдыкта XVI, што стала абсалютна эпахальнай падзеяй. Таксама скандалы “Vatileaks”, журналісцкія расследаванні з выкарыстаннем выкрадзеных дакументаў Святога Пасаду, дыскусіі ў еўрапейскай і італьянскай палітыцы адносна грамадзянскіх і аднаполых саюзаў, выпадкі педафіліі ў Касцёле. У тым ліку і дзве сесіі Сінода Біскупаў на тэму сям’і сталі сапраўдным выклікам для Залы Друку, паколькі выклікалі шырокі рэзананс у СМІ ўсяго свету.








All the contents on this site are copyrighted ©.