2016-07-11 14:09:00

Францішак хоча наведаць кракаўскі кляштар сясцёр прэзэнтак


Падчас свайго знаходжання ў Польшчы, Святы Айцец наведае адзін з кракаўскіх касцёлаў, пры якім Кангрэгацыя сясцёр Ахвяравання Найсвяцейшай Панны Марыі вядзе гімназію і ліцэй. Гэта адбудзецца на шляху ў Чэнстахову, дзе Пантыфік узначаліць Эўхарыстыю, прымеркаваную да 1050-годдзя Хросту Польшчы. Гэты пункт праграмы папскага візіту ў Польшчу быў уключаны на асабістую просьбу Францішка.

Святы Айцец, падчас пераезду з палаца Кракаўскага арцыбіскупа ў аэрапорт “Баліцэ”, спыніцца ля касцёла св. Яна Хрысціцеля і Апостала Яна, які з’яўляецца часткай кляшторнага комплексу сясцёр прэзэнтак – так гучыць скарочаная назва манаскай супольнасці. Ён сустрэнецца там з законніцамі і вучнямі і вучаніцамі гімназіі і ліцэю, якія яны вядуць. Гэта будзе 28 ліпеня 2016 г. у 8.00.

Візіт будзе мець прыватны характар, не прадугледжана ніякіх афіцыйных прамоў. Ён стане магчымасцю памаліцца разам перад абразом Маці Божай Выкупу Нявольнікаў і пры рэліквіях заснавальніцы кангрэгацыі, благаслаўлёнай Зофіі Чэшскай.

Кароткая сустрэча была ўведзена ў праграму папскага візіту на адмысловую просьбу Святога Айца і звязана з служэннем сясцёр прэзэнтак на папскім складзе. Як патлумачылі самі сёстры, падчас візіту Францішка туды, яны падзялілі з ім радасцю, што з нагоды Сусветных дзён моладзі Святы Айцец наведае Кракаў і будзе знаходзіцца недалёка ад генеральнага дому іх манаскай кангрэгацыі. Тады Францішак выказаў жаданне наведаць кракаўскі кляштар, пасля чаго распачаліся афіцыйныя захады для рэалізацыі гэтага.

Дом на вуліцы св. Яна ў Кракаве з’яўляецца галоўнай сядзібай Кангрэгацыі сясцёр Ахвяравання Найсвяцейшай Панны Марыі з XVIII ст. У будынку побач з манаскім корпусам знаходзіцца гімназія і ліцэй.








All the contents on this site are copyrighted ©.