2016-07-11 12:44:00

Пантыфік прызначыў новага кіраўніка Залы Друку


Святы Айцец правёў рэарганізацыю ў Зале Друку Святога Пасаду. Ён прыняў адстаўку кс. Фэдэрыка Ламбардзі з пасады яе дырэктара і прызначыў на яго месца спадара Грэга Бёрка, які пачне выконваць свае абавязкі з 1 жніўня 2016 г. Акрамя таго, Францішак прызначыў новага віцэ-дырэктара гэтай структуры. Ім стала спадарыня Палома Гарсія Овехера.

56-гадовы Грэг Бёрк, які нарадзіўся ў ЗША, працуе ў структурах Святога Пасаду з 2012 г., калі быў прызначаны кансультантам па пытаннях камунікацыі ў секцыі па агульных пытаннях Дзяржаўнага Сакратарыяту. З 21 снежня 2015 г. ён быў віцэ-дырэктарам Залы Друку Святога Пасаду. Валодае англійскай, італьянскай, іспанскай, французскай мовамі.

40-гадовая іспанка Палома Гарсія Овехера, з верасня 2012 г. працавала ў якасці карэспандэнта ў Італіі і Ватыкане для некалькіх радыё- і тэлеканалаў, а таксама газет. Ведае іспанскую, англійскую, італьянскую, кітайскую мовы.

Ксёндз Фэдэрыка Ламбардзі быў кіраўніком Залы Друку з ліпеня 2006 г. Ён змяніў на гэтай пасадзе Хаакіна Наварра-Вальса.








All the contents on this site are copyrighted ©.