2016-07-11 13:37:00

Афіцыйная праграма візіту Папы ў Грузію і Азербайджан


11 ліпеня 2016 г. у Ватыкане была прадстаўлена афіцыйная праграма Апостальскага падарожжа папы Францішка ў Грузію і Азербайджан. Яно пачнецца 30 верасня 2016 г. і працягнецца тры дні.

У міжнародны аэрапорт Тбілісі Пантыфік прыбудзе ў апошні дзень верасня ў 15.00. Там пройдзе цырымонія прывітання, пасля якой Папа накіруецца ў Прэзідэнцкі палац для сустрэчы з кіраўніком дзяржавы. Пасля яе завяршэння Францішак сустрэнецца з прадстаўнікамі органаў улады, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычным корпусам, акрэдытаваным у Грузіі.

У гэты дзень Святога Айца чакаюць і дзве экуменічныя сустрэчы. Спачатку ён накіруецца ў Патрыяршы палац, дзе яго будзе прымаць Ілья ІІ, Каталікос- Патрыярх усяе Грузіі. Вечарам Пантыфік сустрэнецца з мясцовай супольнасцю Сіра-Халдэйскай Царквы.

Першы дзень кастрычніка Францішак прысвеціць каталіцкай супольнасці Грузіі. Ён распачне яго св. Імшой на стадыёне імя Міхаіла Месхі. Затым адбудзецца сустрэча з духавенствам і кансэкраванымі асобамі, пасля якой Папа накіруецца ў каталіцкі дабрачынны цэнтр, дзе прывітае супрацоўнікаў гэтай сферы.

Апошнім пунктам візіту ў Грузіі стануць наведзіны кафедральнага патрыяршага храму Грузінскай Праваслаўнай Царквы Свеціцховэлі ў старажытным горадзе Мцхета, які на працягу тысячагоддзя з’яўляўся галоўным саборам ўсёй Грузіі.

2 кастрычніка раніцай Святога Айца ўжо будуць чакаць у міжнародным аэрапорце Баку. Ён правядзе ў Азербайджане адзін дзень, на працягу якога, апрача афіцыйных прывітальных урачыстасцяў, правядзе св. Імшу ў каталіцкім храме сталіцы і паабедае з салезіянскай супольнасцю, якая працу ў парафіі; правядзе сустрэчу з Прэзідэнтам Азербайджана і прадстаўнікамі кіраўніцтва дзяржавы; сустрэнецца спачатку з мусульманскім шэйхам Каўказа ў мясцовай мячэці, а затым з праваслаўным епіскапам Баку і кіраўніком мясцовай яўрэйскай супольнасці.

У той жа дзень самалёт з Пантыфікам на борце позна вечарам будуць чакаць у рымскім аэрапоце Чампіна.








All the contents on this site are copyrighted ©.