2016-07-10 12:31:00

Святы Айцец заклікаў паважаць працу “людзей мора”


Пантыфік нагадаў пра “Марскую нядзелю”, якая адзначаецца 10 ліпеня 2016 у Касцёле і накіравана на падтрымку душпастырства “людзей мора”. Падчас сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі” Францішак адзначыў важнасць працы маракоў і рыбакоў, “часта цяжкай і рызыкоўнай”, і заклікаў капеланаў і валанцёраў апостальства мора несці сваю “каштоўную паслугу” гэтым людзям. “Марыя, Зорка мора, няхай апякуецца вамі!”, - сказаў 10 ліпеня 2016 г. на плошчы св. Пятра Пантыфік.

Другая нядзеля ліпеня ў Касцёла заўсёды прысвечана тым, хто працуе на моры. Да гэтага дня Папская рада пастырства падарожнікаў і мігрантаў штогод публікуе спецыяльнае пасланне. У сёлетнім дыкастэрыя нагадала пра важнасць існавання марской галіны і цяжкую працу тых, хто заняты ў ёй. “Без марскога гандлю, імпарт і экспарт тавараў і гатовай прадукцыі не быў бы магчымым”, як і адпачынак сучаснага чалавека, гаворыцца ў дакуменце. Пад пастаяннай пагрозай знаходзіцца жыццё гэтых людзей, тут і сілы прыроды, і пірацтва; іх псіхалагічнаму дабрабыту пагражае доўгае знаходжанне па-за берагам; іх сямейнае жыццё знаходзіцца ў небяспецы, паколькі яны не бачацца са сваімі роднымі на працягу многіх месяцаў і часта на працягу некалькіх гадоў. Годнасць маракоў знаходзіцца пад пагрозай, калі яны працуюць больш прызначаных гадзін, а іх заработная плата затрымліваецца на працягу некалькіх месяцаў.

Аўтары паслання нагадалі ўсім хрысціянскім супольнасцям пра важнасць прафесіі марака і суднаходнай галіны для жыцця. Яны заклікалі біскупаў “марскіх дыяцэзій” да стварэння і падтрымкі апостальства мора.








All the contents on this site are copyrighted ©.