2016-07-09 13:07:00

Папа размежаваў функцыі ватыканскіх фінансавых органаў


9 ліпеня 2016 г. было апублікавана “Motu proprio” папы Францішка, якім ён унёс змены ў размеркаванне функцый ведамстваў, якія займаюцца кантролем, наглядам і распараджэннем маёмасцю Святога Пасаду. Новы заканадаўчы дакумент стаў чарговым этапам на шляху рэформы ватыканскай фінансавай сістэмы.

Дакумент рэгулюе адносіны паміж Адміністрацыяй маёмасці Апостальскай Сталіцы і Сакратарыятам па эканамічных пытаннях і закліканы “забяспечыць дакладнае і недвухсэнсоўнае размежаванне паміж кантролем і наглядам, з аднаго боку, і распараджэннем маёмасцю, з іншага”, - гаворыцца ў тэксце новага “Motu proprio”.

Згодна з дакументам, у кампетэнцыю Адміністрацыі маёмасці Апостальскай Сталіцы будзе ўваходзіць распараджэнне маёмасцю і кіраванне фінансамі Святога Пасаду, а кантроль і нагляд за яе дзейнасцю будзе ажыццяўляць Сакратарыят па эканамічных пытаннях.

Размяжоўваюцца функцыі і паміж асобнымі секцыямі, што ўваходзяць у структуру Сакратарыяту. Так, Секцыя па кантролі і наглядзе будзе здзяйсняць маніторынг, праверку і аналіз дзейнасці Адміністрацыі маёмасці Апостальскай Сталіцы, выпрацоўваць штогадовы папярэдні і расходны бюджэт дыкастэрыі, зацвярджаць акты перадачы і набыцця маёмасці, ажыццяўляць абмен падатковай інфармацыяй паміж дзвюма фінансавымі дыкастэрыямі.

Секцыя адміністрацыі Сакратарыяту па эканамічных пытаннях будзе распрацоўваць варыянты набыцця маёмасці і паслуг, сачыць за выкананнем нормаў фінансавых аперацый, вырашаць пытанні, звязаныя з персаналам Апостальскай Сталіцы, за выключэннем налічэння заработнай платы, чым па-ранейшаму будзе займацца Адміністрацыі маёмасці. 

У кампетэнцыю Адміністрацыі маёмасці Апостальскай Сталіцы будуць уваходзіць пытанні рухомай і нерухомай маёмасці Святога Пасаду, набыцця маёмасці і паслуг для ўсіх дыкастэрый і звязаных з імі інстытутаў, аплаты па рахунках і вядзення бюджэту кожнай дыкастэрыі, выкананне казначэйскіх функцый, у тым ліку налічэння заработнай платы персаналу Святога Пасаду. Пры гэтым памер зарплат будзе вызначаць Сакратарыят па эканамічных пытаннях. Таксама на Адміністрацыю маёмасці ўскладаецца адказнасць за дзейнасць “Peregrinatio ad Petri Sedem” – органа ў структуры Святога Пасаду, які займаецца пытаннямі прыняцця і арганізацыі пілігрымак.

Папа ў сваім дакуменце запрашае кіраўнікоў абедзвюх фінансавых дыкастэрый да супрацоўніцтва. У выпадку ўзнікнення спрэчных пытанняў рашэнні будзе прымаць спецыяльна прызначаны Пантыфікам дэлегат.








All the contents on this site are copyrighted ©.