2016-07-08 15:24:00

“Зоны паяднання” на Сусветных днях моладзі


Тры “Зоны паяднання” будуць арганізаваныя на Сусветных днях моладзі ў Кракаве. Ля санктуарыя Божай Міласэрнасці ў Лагеўніках, у Ярданскім парку і ля Марыяцкай базылікі будуць размешчаны больш за 100 дадатковых канфесіяналаў.

На месцах споведзі будзе пазначана мова, на якой гаворыць святар-спавяднік, паведамілі ў арганізацыйным камітэце сусветнага каталіцкага форуму. Арганізатары, аднак, заахвочваюць удзельнікаў прыступаць да сакрамэнту паяднання ў месцах абвяшчэння катэхез, паколькі там, безумоўна, будзе адпаведная колькасць святароў, якія карыстаюцца роднай для іх мовай.

Валанцёрамі ў “Зонах паяднання” будуць Скаўты Еўропы. Яны будуць выдаваць святарам літургічную вопратку, правяраць дакументы, укажуць маладым вернікам адпаведную чаргу, і нават, у выпадку неабходнасці, дапамогуць зрабіць рахунак сумлення.

Падчас Сусветных дзён таксама і папа Францішак сядзе ў канфесіянал у базыліцы Божай Міласэрнасці, дзе прыме споведзь у пяці валанцёраў, якія карыстаюцца італьянскай, іспанскай і французскай мовамі. Францішак стане трэцім, пасля Яна Паўла II і Бэнэдыкта XVI, Пантыфікам які наведае санктуарый, але першым, хто будзе тут спавядаць.

Сусветныя дні моладзі ў Кракаве пройдуць у апошні тыдзень ліпеня.








All the contents on this site are copyrighted ©.