2016-07-08 13:50:00

Абвешчаны прысуд у ватыканскім працэсе


Пасля 21-го пасяджэння Трыбуналу Дзяржавы Ватыкан, якія адбыліся на працягу апошніх васьмі месяцаў, вынесены прысуд у судовым працэсе па справе аб распаўсюджанні канфідэнцыйных дакументаў Апостальскай Сталіцы.

Адзін з трох былых членаў расфарміраванай ужо Камісіі па вывучэнні рэформы эканамічна-адміністрацыйнай структуры Святога Пасаду, фігурантаў справы, спадар Нікола Маё быў апраўданы. Іншыя два - кс. прэлат Лусіа Вальеха Бальда і спадарыня Франчэска Шаўкі - былі прызнаныя вінаватымі. Журналісты Джанлуіджы Нуццы і Эмільяна Фіціпальдзі вызвалены ад абвінавачанняў за адсутнасцю доказаў віны.

Злачынствы былі здзейснены ў перыяд з сакавіка 2013 г. па 5 лістапада 2015 г. На думку ватыканскіх прамотараў справядлівасці, дакументы прадстаўнікам СМІ перадаваў кс. Бальда. Суд прызначыў для святара 1 год і 6 месяцаў зняволення ва ўмовах адноснай свабоды. Франчэску Шаўкі суд пакараў за “саўдзел у злачынстве”. Ватыканскі Трыбунал прызначыў для яе 10 месяцаў зняволення ўмоўна з адтэрміноўкай выканання прысуду на 5 гадоў.

Апраўданыя журналісты Джанлуіджы Нуццы і Эмільяна Фіціпальдзі першапачаткова падазраваліся ў падбухторванні і аказанні ціску на кс. Бальда ў мэтах атрымання інфармацыі і дакументаў канфідэнцыйнага характару, выкарыстаных пасля ў двух кнігах, якія былі апублікаваны ў Італіі ў лістападзе 2015 г. Аднак па выніках следчага працэсу суд прызнаў адсутнасць доказаў іх віны.

Рашэнне па справе, распачатай у лістападзе 2015 г., абвясціў 7 ліпеня 2016 г. старшыня Трыбуналу Дзяржавы Ватыкан Джузэпэ Дала Торэ.

Гэта ўжо другі ватыканскі працэс па крадзяжы і распаўсюджвання сакрэтных паведамленняў і дакументаў, якія тычацца істотных інтарэсаў Апостальскай Сталіцы. Першы адбыўся амаль чатыры гады таму, калі ватыканскі Трыбунал 6 кастрычніка 2012 г. прысудзіў да 18 месяцаў турмы былога папскага камердынера Паола Габрыэле. Бэнэдыкт XVI памілаваў яго перад Божым Нараджэннем – 22 снежня 2012 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.