2016-07-07 13:12:00

Хрысціянскія Цэрквы склікаюць экуменічную канферэнцыю


Міжнародную экуменічную канферэнцыю мае намер арганізаваць у 2017 г. Сусветная Рада Цэркваў. Яе мэта – пацвердзіць і ўмацаваць экуменічнае сведчанне на карысць справядлівага міру для ізраільцян і палестынцаў. 

Такое рашэнне было прынята Вярхоўным камітэтам асацыяцыі на пасяджэнні, якое праходзіла на мінулым тыдні ў нарвежскім Тронхейм. Яго вынікам таксама стала заява на тэму ізраільска-палестынскага канфлікту і мірнага працэсу, у якой гучыць заклік да ўсіх членаў і партнёраў Рады “слухаць і рэагаваць на галасы палестынскіх хрысціян”, а таксама прадпрымаць “актыўныя крокі з мэтай садзейнічання далейшаму ўзмацненню прысутнасці мясцовых хрысціян у Святой Зямлі”. Камітэт таксама заклікаў да намаганняў, “каб пакласці канец акупацыі” палестынскіх тэрыторый і актывізаваць “дыялог і супрацоўніцтва з яўрэйскімі і мусульманскімі партнёрамі пілігрымкі за справядлівасць і мір”. Прагучаў заклік да лідэраў і членаў мясцовых Цэркваў, “узмоцніць сваю прысутнасць у калысцы хрысціянства”.

Восенню 2017 г. будуць адзначацца тры важных юбілеі, звязаных са Святой Зямлёй: 100-годдзе абвяшчэння дэкларацыі тагачаснага брытанскага міністра замежных спраў, а пазней прэм’ера, Артура Бальфура аб стварэнні ў Палестыне яўрэйскай нацыянальнай рэзідэнцыі; 50-годдзе Шасцідзённай вайны, пасля якой Ізраіль акупаваў Усходні Іерусалім, Сінайскі паўвостраў і Заходні бераг Іардану; і 10-годдзе “Крыку з Амана”, абвешчанага на завяршэнне міжнароднай канферэнцыі “Цэрквы разам для міру і справядлівасці на Блізкім Усходзе”.

Вярхоўны камітэт, гэта вышэйшы выканаўчы орган Сусветнай Рады Цэркваў у перыяд паміж яе пленарнымі пасяджэннямі. У склад Рады, сядзіба якой месціцца ў Жэневе, уваходзяць 348 Цэркваў, супольнасцяў і экуменічных арганізацый, якія разам налічваюць 500 мільёнаў вернікаў. Каталіцкі Касцёл не належыць да гэтай асацыяцыі, але працуе ў цесным кантакце з рознымі групамі і камітэтамі.








All the contents on this site are copyrighted ©.