2016-07-07 15:54:00

Плёны мінулагодняга візіту Пантыфіка ў Балівію


Год таму папа Францішак здзейсніў апостальскае падарожжа ў тры паўднёваамерыканскія краіны – Эквадор, Балівію і Парагвай. Візіт працягваўся з 5 па 12 ліпеня 2015 г. У сувязі з гэтым Каталіцкі Касцёл у Балівіі зрабіў спробу ацаніць змены, што адбыліся ў краіне за гэты год, і уплыў апостальскага падарожжа Пантыфіка на вырашэнне найбольш хвалюючых праблем.

Выснова была зроблена неадназначная. З аднаго боку, адзначаюцца пазітыўныя зрухі ў штодзённым жыцці каталіцкіх супольнасцяў, павялічваецца колькасць семінарыстаў. Застаюцца аднак і негатыўныя з’явы. Галоўная з іх датычыць складаных адносін паміж урадам краіны на чале з прэзідэнтам Эва Маралесам і мясцовым епіскапатам. Апошні падвяргаецца пастаяннай крытыцы з боку лідэра дзяржавы, які за апошні год перайшоў ад супрацоўніцтва з прадстаўнікамі рэлігіі да пагроз, беспадстаўнай крытыкі і нападаў у іх адрас.

“Няма магчымасці для дыялогу, і гэта не па нашай віне”, - адзначыў біскуп Аурэліа Песоа, сакратар Епіскапату Балівіі. Іерарх запэўніў у адкрытасці касцёльных структур да размовы і заклікаў да “шчырага, простага і братняга дыялогу” і нагадаў, што менавіта да гэтага заклікаў папа Францішак у катэдральным касцёле Нуэстра-Сеньора-де-Ла-Пас.

Выказаў расчараванне іерарх і адносна сітуацыі вакол турмы Палмазола, адной з самых жорсткіх і перапоўненых у Лацінскай Амерыцы. На думку біскупа Песоа, нічога не змянілася ва ўмовах утрымання там зняволеных, што сведчыць аб адсутнасці справядлівасці або яе неэфектыўнасці, асабліва калі гаворка ідзе пра судовыя працэсы, у якіх падсуднымі выступаюць бедныя.

У перыяд з 5 па 13 ліпеня 2016 г. у Эквадоры, Балівіі і Парагваі запланаваны шматлікія рэлігійныя і культурныя мерапрыемствы, каб такім чынам узгадаць мінулагодні візіт Святога Айца. Святкаванні маюць на мэце засяродзіцца не толькі на самой асобе Пантыфіка, але, хутчэй, на яго вучэнні, закліках, перасцярогах і парадах.








All the contents on this site are copyrighted ©.