2016-07-07 14:43:00

Папа ў відэапасланні пра свае малітоўныя інтэнцыі


Ватыканскі тэлецэнтр распаўсюдзіў праз свой канал у “YouTube” чарговы відэа-ролік са зваротам папы Францішка, у якім ён паведамляе і тлумачыць сваю малітоўную інтэнцыю на ліпень. У гэтым месяцы Святы Айцец заклікае асаблівым чынам маліцца аб павазе да карэнных народаў, ідэнтычнасць і само існаванне якіх знаходзяцца пад пагрозай. 

“Хачу запытацца ад імя карэнных народаў, ці да нашага стылю жыцця, нашых правоў і традыцый ставяцца з павагай. Мяне пачуюць?” – з гэтым роспачным пытаннем у відэароліку звяртаецца прадстаўніца адной з самабытных этнічных груп.

Пантыфік у сваім кароткім каментары, які гучыць за кадрам, дадаў, што жадае “быць рэхам і рупарам найбольш глыбокіх патрэб карэнных народаў”. “І хачу, каб ты далучыў свой голас да майго ў малітве ад усяго сэрца аб паважлівым стаўленні да карэнных народаў”, - звярнуўся Францішак да гледачоў. 

Папа часта вяртаецца да тэмы карэнных народаў, а часам сустракаецца з іх прадстаўнікамі падчас апостальскіх падарожжаў, асабліва на лацінаамерыканскім кантыненце. Знаходзячыся ў пачатку гэтага года ў Мексіцы, Святы Айцец папрасіў у мясцовых індзейцаў прабачэння за трываючыя на працягу стагоддзяў неразуменне, адчужэнне і эксплуатацыю. Таксама год таму на сустрэчы з народнымі рухамі ў Балівіі ён папрасіў прабачэння за злачынствы супраць карэнных народаў, учыненых падчас заваявання Амерыкі.

Трэба нагадаць, што Святы Айцец заўсёды, апрача агульнай, прапануе яшчэ адну інтэнцыю – евангелізацыйную. У ліпені ён запрашае маліцца, “каб Касцёл у Лацінскай Амерыцы і Карыбскім басейне праз сваю кантынентальную місію абвяшчаў Евангелле з адноўленай энергіяй і энтузіязмам”. 

Гэта справа вельмі блізкая Францішку, які сам родам з Лацінскай Амерыкі, і як мясцовы біскуп унёс значны ўклад у праграму рэалізацыі кантынентальнай місіі. Пантыфік часта закранае гэтую тэму. Ён рабіў гэта, між іншым, тры гады таму, калі ўпершыню як Наступнік св. Пятра адправіўся на свой родны кантынент, падчас гаміліі на завяршальнай св. Імшы Сусветных дзён моладзі ў Рыа-дэ-Жанейра. “Не бойцеся ісці і несці Хрыста ў кожнае асяроддзе, аж да экзістэнцыяльнай перыферыі, таксама і да тых, хто, здаецца, найбольш адчужаны, найбольш абыякавы”, - казаў тады Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.