2016-07-05 12:22:00

Францішак заклікаў будаваць мір у Сірыі


“Пакуль людзі пакутуюць, неверагодная колькасць грошай ідзе на забеспячэнне вайскоўцаў зброяй”, - выказаў занепакоенасць Папа ў відэапасланні ў падтрымку кампаніі па спрыянню міру ў Сірыі, якую ажыццяўляе міжнародная каталіцкая дабрачынная арганізацыя “Caritas Internationalis”. Між тым, для Сірыі “не існуе ваеннага рашэння – выключна палітычнае”, перакананы Францішак.

Ваенныя дзеянні ў гэтай краіне, якія доўжацца ўжо больш за чатыры гады, Папа назваў “сітуацыяй невымоўных пакут, ахвярай якіх з’яўляецца сірыйскі народ”. Насельніцтва “вымушана выжываць пад бомбамі або шукаць спосабы ўцячы ў іншыя краіны”.

Пры гэтым шлях да пабудовы больш справядлівага грамадства ўскладняецца існуючай сітуацыяй няшчырасці з боку зацікаўленых бакоў. “Некаторыя з краін, якія кажуць аб міры, самі з’яўляюцца пастаўшчыкамі зброі. Як можна давяраць таму, хто правай рукой цябе падтрымлівае, а левай раніць?” – абурыўся Святы Айцец.

Францішак заклікаў усіх хрысціян маліцца аб міры ў Сірыі і распаўсюджваць пасланне міру і надзеі ў сваіх парафіях і супольнасцях, а малітву падмацоўваць канкрэтнымі ўчынкамі. “Запрашаю звяртацца да тых асоб, якія прымаюць удзел ў мірных перамовах, каб з сур’ёзнасцю ставіліся да гэтых пагадненняў і дабіваліся палягчэння доступу да гуманітарнай дапамогі”, - дадаў Святы Айцец.

“Звяртаюся да ўсіх пражыць з энтузіязмам гэты Год Міласэрнасці, каб перамагчы абыякавасць і з моцай абвесціць, што мір у Сірыі магчымы!” - сказаў Папа. На яго думку, гэта паслужыць прыкладам жывой любові для ўсёй міжнароднай грамадскасці.








All the contents on this site are copyrighted ©.