2016-07-05 14:17:00

Святы Пасад аб магчымасці ізраільска-палестынскага міру


Мірны працэс паміж Ізраілем і Палестынай можа ісці наперад толькі дзякуючы перамовам паміж бакамі і падтрымцы міжнароднай грамадскасці і пры ўмове, што ўзаемнае прызнанне і павага будуць вызначаць палітычныя рашэнні на ўсіх узроўнях. Пазіцыю Апостальскай Сталіцы на Міжнароднай канферэнцыі ААН у падтрымку ізраільска-палестынскага міру 4 ліпеня 2016 г. агучыў арцыбіскуп Іван Юркавіч, пастаянны назіральнік Святога Пасаду пры ААН і іншых міжнародных арганізацыях.

Апостальская Сталіца заўсёды выступала за прызнанне Палестыны і Ізраіля як асобных краін, што магло б палажыць канец працягламу канфлікту паміж імі. Гэтую пазіцыю выказваў у свой час папа Бэнэдыкт XVI; той жа думкі прытрымліваецца і яго наступнік, папа Францішак, нагадаў арцыбіскуп Юркавіч.

Ватыканскі дыпламат падкрэсліў, што Палестынскае пытанне застаецца нявырашаным вось ужо амаль 70 гадоў. Пагадненні ў Осла, дасягнутыя паміж бакамі ў 1993 г., паказалі сваю неэфектыўнасць, а крызіс у Сірыі толькі ўскладніў сітуацыю ў праблемным рэгіёне. “Ізраіль і Палестына зашмат пакутавалі з-за памылковай думкі, нібы пытанне іх адрознасці можа быць вырашана сілай”, - сказаў ён. “Святы Пасад упэўнены, што як Ізраіль, так і Палестына ў глыбіні сэрцаў сумуюць па міры”, - падсумаваў іерарх.

Арцыбіскуп Юркавіч падкрэсліў, што Блізкі Усход павінен стаць плённай глебай для “нефармальнай дыпламатыі”, заснаванай на даверы, і спрыяць уключэнню грамадства ў працэс будавання міру. Годнае месца ў гэтых ініцыятывах павінны займаць прадстаўнікі рэлігій. Чым мацней імкненне апраўдаць тэрор і насілле духоўнымі мэтамі, тым больш актыўным павінен быць удзел рэлігійных лідэраў у барацьбе супраць гэтага зла, сказаў іерарх.

Прадстаўнік Святога Пасаду заклікаў рэлігійных дзеячаў супрацьстаяць любым формам скажэння традыцый веры і ўмацоўваць існуючыя сувязі паміж рэлігіяй і дыпламатыяй, што можа стаць “істотным станоўчым унёскам ва ўсеагульныя намаганні па забеспячэнні міру для ізраільцян, палестынцаў і ўсіх жыхароў рэгіёна”.








All the contents on this site are copyrighted ©.