2016-07-05 11:35:00

Святы Айцец адправіцца ў Асізі як звычайны пілігрым


Папа Францішак адправіцца 4 жніўня 2016 г. у пілігрымку ў Асізі. Нагодай стане 800-годдзе адпусту “Portiuncula”. Аб гэтым паведаміў старшыня Папскай рады па новай евангелізацыі, арцыбіскуп Рына Фізікела.

Пантыфік мае намер прыватным чынам, як звычайны пілігрым, памаліцца ў папскай базыліцы Санта-Марыя-дэлі-Анджэлі ў Асізі, якая была ўзведзена над капліцай пад назвай “Portiuncula”, адбудаванай св. Францішкам Асізскім. З гэтай капліцай звязаны поўны адпуст, які пры звычайных умовах можна атрымаць у патранальнае свята Маці Божай Анёльскай, 2 жніўня кожнага года. У 1967 г. благаслаўлёны папа Павел VI пашырыў магчымасць атрымання ў гэты дзень адпусту “Portiuncula” на ўсе касцёлы ў свеце.

Гэта будзе 34 папскі візіт у Асізі, і другі для Францішка. Горад прымаў у агульнай складанасці 19 Наступнікаў св. Пятра, некаторых неаднойчы. Асізі называюць месцам, якое найчасцей у свеце прымае Пантыфікаў. Напрыклад, св. Ян Павел II быў тут шэсць разоў. Некаторыя Папы праводзілі ў Асізі некалькі тыдняў ці нават месяцаў.

Назва адпусту “Portiuncula” (лац. маленькая часцінка) паходзіць ад разбуранага касцёла, які ў пачатку ХІІІ ст. Езус загадаў адбудаваць св. Францішку. Калі святы маліўся там, яму аб’явілася Марыя з Езусам і спытала, што ён хацеў бы атрымаць. Тады Францішак папрасіў ласку прабачэння пакарання за грахі, якія трэба выкупіць на зямлі або ў чысцы, для тых, хто пасля споведзі і св. Камуніі наведае гэта месца.








All the contents on this site are copyrighted ©.