2016-07-04 13:12:00

Святы Пасад нагадаў пра важнасць прафесіі марака


У другую нядзелю ліпеня Каталіцкі Касцёл адзначае так званую Марскую нядзелю. Папская рада пастырства падарожнікаў і мігрантаў штогод публікуе да гэтага дня спецыяльнае пасланне. Сёлета ў ім у чарговы раз падкрэсліваецца, што Касцёл памятае пра “людзей мора” і змагаецца за іх правы. 

“Седзячы зручна на канапе ў нашай гасцінай, цяжка зразумець, наколькі наша штодзённае жыццё залежыць ад марской прамысловасці і мора”, - гэтымі словамі распачынаецца сёлетняе пасланне ватыканскай дыкастэрыі. Аўтары просяць не забывацца, што большая частка рэчаў і прадуктаў, якімі мы карыстаемся была перавезена на судах. “Без марскога гандлю, імпарт і экспарт тавараў і гатовай прадукцыі не быў бы магчымым”, як і адпачынак сучаснага чалавека, гаворыцца ў дакуменце.

Амаль 1 200 000 маракоў кожнай нацыянальнасці на борце 50 000 гандлёвых судоў перавозяць амаль 90% усіх відаў грузаў. Пад пастаяннай пагрозай знаходзіцца жыццё гэтых людзей, тут і сілы прыроды, і пірацтва; іх псіхалагічнаму дабрабыту пагражае доўгае знаходжанне па-за берагам; іх сямейнае жыццё знаходзіцца ў небяспецы, паколькі яны не бачацца са сваімі роднымі на працягу многіх месяцаў і часта на працягу некалькіх гадоў. Годнасць маракоў знаходзіцца пад пагрозай, калі яны працуюць больш прызначаных гадзін, а іх заработная плата затрымліваецца на працягу некалькіх месяцаў. 

Папская рада заклікала капеланаў і валанцёраў апостальства мора быць голасам тых работнікаў марской сферы, якія жывуць далёка ад сваіх блізкіх і сутыкаюцца з небяспечнымі і цяжкімі сітуацыямі. Дыкастэрыя заклікала таксама ўрады краін і марскія ўлады забяспечыць, каб маракі мелі доступ да берагавых сродкаў і паслуг для забеспячэння здароўя і дабрабыту.

Аўтары паслання нагадалі ўсім хрысціянскім супольнасцям пра важнасць прафесіі марака і суднаходнай галіны для жыцця. Яны заклікалі біскупаў “марскіх дыяцэзій” да стварэння і падтрымкі апостальства мора. 

Марское душпастырства было арганізавана невялікай групай людзей у Глазга ў Вялікабрытаніі 3 кастрычніка 1920 г., каб духоўна і матэрыяльна дапамагчы католікам, якія працуюць на моры. Марская нядзеля святкуецца з 1975 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.