2016-07-04 12:07:00

Кананізацыя Маці Тэрэзы – васьмідзённыя ўрачыстасці ў Рыме


Восем дзён будуць трываць рымскія ўрачыстасці з нагоды кананізацыі Маці Тэрэзы з Калькуты. Сёстры Місіянеркі Любові прадставілі праграму святочных мерапрыемстваў, якія ўпісваюцца ў Юбілейны Год Міласэрнасці. Кананізацыя заснавальніцы Місіянерак Любові пройдзе 4 верасня 2016 г. у Ватыкане.

Але ўжо на тры дні раней, у чацвер, 1 верасня ў рымскім універсітэце “LUMSA” адкрыецца выстава, якая прадставіць “жыццё, духоўнасць і пасланне” Маці Тэрэзы. У другой палове дня, у Аўдыторыі св. Цэцыліі пройдзе сямейнае свята “З беднымі і для бедных”.

У сваю чаргу, у пятніцу, 2 верасня ў базыліцы св. Анастасіі на Палаціне адбудуцца св. Імшы на розных мовах, а пасля кожнай з іх можна будзе ўшанаваць рэліквіі Маці Тэрэзы. Увечары ў базыліцы св. Яна на Латэране Папскі вікарый для Рымскай дыяцэзіі, кардынал Агасціна Валіні ўзначаліць малітоўнае чуванне, спалучанае з Эўхарыстычнай адарацыяй.

У суботу, 3 верасня ў 10.00 на плошчы св. Пятра папа Францішак правядзе катэхезу для ўдзельнікаў Юбілею работнікаў і валанцёраў дабрачынных арганізацый, а ў другой палове дня ў рымскай базыліцы Сан-Андрэа делла Валле можна будзе пачуць араторыю Марчэла Бранцэці, напісаную ў гонар новай святой, ушанаваць яе рэліквіі і прыняць удзел у св. Імшы.

Цэнтральным днём урачыстасцяў стане 4 верасня. У 10.00 на плошчы св. Пятра Пантыфік узначаліць кананізацыю Маці Тэрэзы.

У тым жа месцы і ў той жа час у панядзелак, 5 верасня, кардынал Дзяржсакратар Пьётра Паралін узначаліць св. Імшу падзякі за кананізацыю. На гэты дзень выпадзе першы літургічны ўспамін св. Тэрэзы Калькуцкай. У другой палове дня яе рэліквіі будуць выстаўлены ў базыліцы св. Яна на Латэране і застануцца там да 6 верасня.

7 і 8 верасня рэліквіі новай святой будуць выстаўлены ў касцёле св. Грыгорыя Вялікага. Таксама можна будзе наведаць пакой маці Тэрэзы ў мясцовым кляштары.








All the contents on this site are copyrighted ©.