2016-07-02 13:35:00

Святы Пасад працягвае дыялог з лефебрыстамі


Сакратар Папскай Камісіі “Ecclesia Dei” арцыбіскуп Гвіда Поца даў каментар адносна апошняга камунікату Брацтва св. Пія Х, распаўсюджанага 29 чэрвеня 2016 г., у якім лефебрысты сцвярджаюць, што не шукаюць “кананічнага прызнання” з боку Святога Пасаду.

Ватыканскі іерарх адзначыў, што не лічыць пазіцыю, выказаную галоўным настаяцелем Брацтва св. Пія Х біскупам Бернарам Фэле, “няўдачай дыялогу”, бо яна не закранае сутнасці пытанняў, што ляжаць у аснове размоў паміж Папскай Камісіяй “Ecclesia Dei” і традыцыяналістамі. Гаворка ідзе пра вучэнне Каталіцкага Касцёла, яго традыцыю, рашэнні Другога Ватыканскага Сабору, удакладніў арцыбіскуп Поца.

Прадстаўнік Святога Пасаду сказаў, што камунікат лефебрыстаў не ўтрымлівае “нічога новага адносна добра вядомых поглядаў Брацтва св. Пія Х на сучаснае становішча Каталіцкага Касцёла”. Пры гэтым узгаданае пытанне кананічнага прызнання з боку Святога Пасаду назваў “не проста натарыяльнай справай, але асноўнай умовай для дасягнення поўнай касцёльнай еднасці”.

Сакратар Папскай Камісіі “Ecclesia Dei” запэўніў, што паміж Святым Пасадам і Брацтвам св. Пія Х працягваюцца дыялог і сустрэчы, а папа Францішак, як і яго папярэднік Бэнэдыкт XVI, вельмі зацікаўлены ў спрыянні адзінству Касцёла.

Па выніках чарговага сходу кіраўнікоў Брацтва св. Пія Х, які праходзіў 25-28 чэрвеня 2016 г. у Швейцарыі, галоўны настаяцель лефебрыстаў, біскуп Бернар Фэле распаўсюдзіў камунікат, у якім заявіў, што Брацтва “не шукае ў першую чаргу кананічнага прызнання” з боку Святога Пасаду, але “мае адзінае жаданне – несці з верай святло двухтысячагадовай Традыцыі, якая ў гэтую эпоху цемры, калі ў грамадстве і ў Касцёле культ чалавека вымесціў культ Бога, паказвае адзіны шлях да наследавання”.








All the contents on this site are copyrighted ©.