2016-07-02 12:51:00

Святы Пасад пра небяспеку дзіцячай міграцыі


Мігранты зноў рызыкуюць сваім жыццём, каб патрапіць у Еўропу. Ля берагоў Лівіі затанула судна, на якім знаходзілася больш за 100 чалавек. Загінулі 10 жанчын, 107 іншых мігрантаў былі выратаваны. 

Старшыня Папскай рады пастырства эмігрантаў і падарожнікаў, кардынал Антоніа Марыя Вэльё папярэдзіў, што такія трагедыі будуць паўтарацца, дадаўшы, што новая тактыка гэтых людзей – высыланне адных дзяцей. Ён выказаў шкадаванне з нагоды таго, што на інстытуцыянальным узроўні, ніхто не бярэ на сябе адказнасці за гэта.

Патрэбна абуджэнне сумлення, каб вырашыць гэтую праблему, лічыць італьянскі курыяльны кардынал. На яго думку, гэта вельмі надзённа, бо мігранты ставяць пад пагрозу жыццё не толькі сваё, але і дзяцей. Яны высылаюць іх без нагляду, у надзеі, што пасля іх у новую краіну зможа пыбыць рэшта сям’і.

“На жаль, гэта з’ява, хоць і адносна новая, пастаянна развіваецца. Я думаю, што гэта свядомая стратэгія тых, хто сам хоча эміграваць. Яны ведаюць, што дзіцяці не скажуць “не”, яму ні ў чым не адмовяць. Яны высылаюць яго аднаго, асуджаючы на вялізную трагедыю. Няма слоў. Я спадзяюся, што гэта з’ява будзе стымуляваць Еўропу ўвесці новую палітыку, больш рашучую, скіраваную на тое, каб дапамагчы грамадствам, з якіх гэтыя людзі эмігруюць”, - сказаў старшыня Папскай рады.

Ён патлумачыў, што трэба дапамагчы, калі мігранты прыбываюць, але таксама патрэбна дапамога, каб яны не пакідалі сваіх краін. Таму што звычайна выязджаюць маладыя, што прыводзіць да далейшага збяднення гэтых краін, асабліва ў Афрыцы. “Гэта вялікія праблемы, якія доўжацца гадамі”, - сказаў кардынал Вэльё.








All the contents on this site are copyrighted ©.