2016-07-02 12:10:00

Святы Айцец: Еўропа патрабуе перамен


Перад пагрозай падзелаў і канфліктаў Еўропа патрабуе перамен, сказаў папа Францішак у адмысловым відэапасланні на заканчэнне працы трэцяга міжнароднага Кангрэса прадстаўнікоў еўрапейскіх хрысціянскіх рухаў, супольнасцяў і ініцыятыў. Форум пад назвай “Сустрэча – Прымірэнне – Будучыня” праходзіў з 30 чэрвеня па 2 ліпеня 2016 г. у нямецкім Мюнхене.

Пантыфік падкрэсліў своечасовасць дадзенай ініцыятывы, калі ўлічваць праблемы, з якімі сёння сутыкнулася Еўропа. “Апроч бачных муроў, узмацняюцца таксама нябачныя, якія імкнуцца падзяліць кантынент. Гэта сцены, што ўзводзяцца ў людскіх сэрцах. Сцены, пабудаваныя са страху і агрэсіўнасці, недахопу ўзаемапаразумення паміж людзьмі рознага паходжання і веравызнання; сцены палітычнага і эканамічнага эгаізму, пазбаўленага павагі да жыцця і годнасці чалавека”, - сказаў Святы Айцец.

Францішак адзначыў, што працэс глабалізацыі паслабляе еўрацэнтрызм кантынента, і гэта вымушае з мужнасцю прызнаваць: неабходны перамены. “Еўропа заклікана паразважаць і запытацца сябе, ці яе невымерная спадчына, пранізаная хрысціянствам, ужо належыць музею, ці яшчэ здольная натхняць культуру і дарыць свае скарбы чалавецтву”, - працягнуў Пантыфік. На яго думку, калі Еўропа хоча быць сям’ёй народаў, павінна паставіць у цэнтры чалавека, вызначацца адкрытасцю і ветлівасцю, развіваць не толькі эканамічнае, але сацыяльнае і культурнае супрацоўніцтва.

Святы Айцец пажадаў удзельнікам сустрэчы, каб іх дамы, супольнасці і гарады былі “майстэрнямі еднасці,сяброўства і братэрства, здольнымі да інтэграцыі, адкрытымі да ўсяго свету”. “У шматнацыянальнай Еўропе вы сведчыце аб тым, што ўсе мы дзеці аднаго Айца, браты і сёстры паміж сабой. Вы з’яўляецеся каштоўным зернем надзеі на тое, што Еўропа нанова распазнае сваё пакліканне да спрыяння адзінству”, - завяршыў свой відэазварот Францішак.

Арганізатарам міжнароднага Кангрэса прадстаўнікоў еўрапейскіх хрысціянскіх рухаў, супольнасцяў і ініцыятыў выступае хрысціянскі рух “Разам для Еўропы”, які аб’ядноўвае больш за 300 хрысціянскіх арганізацый з усяго еўрапейскага кантынента. Асноўнай мэтай яго дзейнасці з’яўляецца ўмацаванне еднасці Еўропы, яе хрысціянскіх каранёў.








All the contents on this site are copyrighted ©.