2016-07-02 11:53:00

Будслаў: Папа прысутны праз свайго пасланніка


У Будславе 2 ліпеня 2016 г. адбылася цэнтральная падзея нацыянальных урачыстасцяў у гонар Маці Божай – Эўхарыстыя, якую цэлебраваў папскі легат кардынал Крыстаф Шонборн. Высокі госць прыбыў у мястэчка напярэдадні ўвечары, прыняў удзел у працэсіі з іконай Маці Божай і Эўхарыстыі апоўначы, пасля якой урачыста перадаў беларускім грэка-католікам рэліквіі св. Язафата Кунцэвіча. 

Таксама кардынал звярнуўся да прысутных з невялікай прамовай, у якой адзначыў, што вельмі хвалюецца, калі перадае беларускім вернікам найлепшыя пажаданні ад Святога Айца. Тым больш гэта адбываецца на ўрачыстасці ў краіне, дзе ён знаходзіцца ўпершыню. Аўстрыйскі іерарх прызнаўся, што бачыць і адчувае, як Маці Божа любіць Беларусь, а народ адказвае сваёй любоўю на любоў Маці Божай.

Дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі лічыць, што прысутнасць папскага легата гаворыць аб вялікай павазе Францішка да беларускіх вернікаў. “Мы вельмі цешымся і дзякуем Богу, што дажылі да такога моманту, калі можам адзначаць сярэбраны юбілей аднаўлення структур Рыма-Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, а таксама ўстанаўлення Мінска-Магілёўскай мітраполіі і яе першых Мітрапалітаў - гэта святой памяці кардынал Казімір Свёнтэк, сапраўдны Сведка Веры, і цяперашні Мітрапаліт, арцыбіскуп Тадэвуш – першы пасля 60 гадоў біскуп, які аднаўляў наш Касцёл з руін і цяпер з’яўляецца нястомным апосталам. Таму прысланне папскага легата ў асобе Яго Эмінэнцыі кардынала Крыстафа Шонбора – гэта знак асаблівай удзячнасці Святога Айца людзям, якія ў часы камунізму, ваюючага атэізму, захавалі веру і яе перадалі нам”, - сказаў іерарх Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё.

Яшчэ адным госцем свята стаў арцыбіскуп Вільнюсскі Гінтарас Грушас. Ён адзначыў у інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, што ўрачыстасці ў Будславе – цудоўная магчымасць для таго, каб столькі маладых людзей, ідучы пешшу, даязджаючы з розных куткоў Беларусі, пакланіліся Маці Божай. Вельмі прыемна бачыць ужывую векавую традыцыю, калі людзі стаяць у чарзе, каб толькі падыйсці да цудоўнага абраза, заўважыў іерарх. “Можна заўважыць, што тут адчуваецца сямейны дух: столькі моладзі, столькі дзяцей, і бачна, што для Марыі мы ўсе з’яўляемся яе дзецьмі, дзецьмі, якія ідуць да нашай Маці”, - сказаў госць з Літвы.

Кусташ Будслаўскага нацыянальнага санктуарыя, айцец Віктар Бурлак прызнаўся, што прысутнасць на свяце папскага легата лічыць вельмі выразным знакам таго, што Папа разам з удзельнікамі ўрачыстасці. “Ён яднаецца з намі ў малітве, і калі высылае свайго легата, гэта гаворыць аб тым, што ён сам хацеў бы тут быць, але з нейкіх прычын не змог прыехаць. Прысутнасць прадстаўніка Папы – гэта вельмі прыемна і важна для нас, гэта адзінства Каталіцкага Касцёла”, - сказаў францішканін.

На св. Імшы, якую цэлебраваў кардынал Крыстаф Шонборн, прысутнічала некалькі тысяч вернікаў, з іх каля дзвюх з паловай тысяч пілігрымаў, якія прыбылі ў Будслаў пешшу, пераадолеўшы сотні кіламетраў.

Павел Міцкевіч, Будслаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.