2016-07-01 14:10:00

Францішак сустрэўся з новым мэрам Рыма


Папа Францішак сустрэўся 1 ліпеня 2016 г. з граданачальнікам італьянскай сталіцы. Першай у гісторыі жанчынай – мэрам Рыма ў выніку нядаўніх выбараў стала 37-гадовая юрыст Вірджынія Раджы. 

Сустрэча доўжылася 20 хвілін. Жанчына прыбыла на аўдыенцыю ў Ватыкан са сваімі бацькамі і шасцігадовым сынам Матэо. “Усё прайшло добра. Мы размаўлялі. Гэта асоба з глыбокай чалавечнасцю”, - сказала пасля аўдыенцыі Раджы. Новы мэр перадала Пантыфіку відэа са зваротамі да яго людзей з “забытых” прыгарадаў Рыма.

Вірджынія Раджы нарадзілася ў Рыме, атрымала юрыдычную адукацыю ў сталічным універсітэце “Roma Tre”, з 2006 г. займаецца адвакацкай практыкай. У сакавіку 2011 г. яна ўступіла ў шэрагі “Руху 5 зорак”, заснаванага знакамітым італьянскім блогерам і сатырыкам Бепа Грыла. Ужо праз два гады была выбрана ў камунальны савет Рыма, дзе займалася пытаннямі адукацыі і аховы навакольнага асяроддзя.








All the contents on this site are copyrighted ©.