2016-07-01 15:34:00

Будслаў прывітаў пілігрымаў з усёй Беларусі


У мястэчку Будслаў пачаліся ўрачыстасці ў гонар абраза Маці Божай. Сёлета свята мае адметнасць: адзначаецца 25-годдзе заснавання Мінска-Магілёўскай мітраполіі. У першы дзень у Будславе віталі пешыя пілігрымкі, якія традыцыйна ідуць сюды з розных куткоў Беларусі – у гэтым годзе іх было амаль дваццаць. Каля 250 вернікаў прыйшлі з Мінска, упершыню адбылася пілігрымка каталіцкіх скаўтаў, якія такім чынам адзначылі 15-годдзе сваёй дзейнасці ў Беларусі.

Адна з самых доўгіх пілігрымак – Пінскай дыяцэзіі – выйшла з Баранавічаў. Каля 200 вернікаў прайшлі амаль 300 кіламетраў за 9 дзён. Адметна, што апошні дзень разам з пілігрымамі ішоў Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Сваімі назіраннямі іерарх падзяліўся з Беларускай рэдакцыяй Ватыканскага радыё: “У гэтым годзе былі досыць складаныя ўмовы, вялікая спёка. Выпала нагода спаткацца з пілігрымкай, бачу, што група ўдвоілася. Гледзячы на пілігрымаў, бачу, што гэта моладзь: і працоўная, і студэнцкая, і школьнікі. Але ёсць і дарослыя: спаткаў пілігрыма, які ўжо 22-гі раз ідзе пілігрымкай у Будслаў. Аналізуючы размовы з моладдзю, бачу, што інтэнцыі розныя: ёсць моладзь, якая хоча распазнаць далейшую дарогу свайго жыцця, бачу і тых, хто хоча паглыбіць свае адносіны з Богам, здабыць духоўную рэгенерацыю. Ёсць і тыя, што ідуць першы раз: для іх гэта добры досвед кантакту з Богам. Думаю, што ў гэты Юбілейны год для Беларусі важны ўклад робяць пілігрымкі, бо грунтоўнае паглыбленне веры, лучнасць з Богам праз Маці Божую Будслаўскую адбываецца менавіта тут”, - сказаў іерарх.

Пінскі біскуп адзначыў, што сустракаўся таксама з пілігрымкамі, якія ідуць з Маладзечна, Мінска, Вілейкі і Гудагая. Ён заўважыў, што пілігрымкі абнаўляюцца: па яго назіраннях, да 40% некаторых пілігрымак складаюць людзі, якія выйшлі пешшу ў Будслаў упершыню.

Сталым удзельнікам баранавіцкай пілігрымкі з’яўляецца 30-гадовы парафіянін пінскай катэдры Аляксандр Лукша. Як ён распавёў Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, сёлетняя пілігрымка стала для яго ўжо чатырнаццатай: “Канешне, штогод праграма не змяняецца, але гэта не значыць, што перажываеш тое самае. Гэта перыяд, калі можаш узмоцніць сваю веру. І пілігрымка – гэта ні ў якім разе не адпачынак, гэта праца: час падумаць пра сваё рэлігійнае жыццё, адносіны з Богам. Тэмай гэтай пілігрымкі стала міласэрнасць Бога, і для мяне важным было пачуць у пілігрымцы разважанні аб стасунках з міласэрным Айцом”, - сказаў пілігрым.

Ішла разам з пілігрымкай і сям’я з чатырма дзецьмі. Зміцер і Віка Кіслыя ўпершыню трапілі ў пешую пілігрымку ў Будслаў дзесяць гадоў таму, на той час – бяздзетныя. “Калі б тады нехта сказаў нам, што праз дзесяць гадоў мы будзем ісці ў пілігрымку разам з чатырма сваімі хлопцамі, я б вельмі-вельмі здзівіўся. Мы не пабаяліся цяпер пайсці ў пілігрымку з малымі дзецьмі, бо хочам вярнуць Богу свой доўг, бо толькі дзякуючы Яму ў нас столькі хлопцаў!”, - сказаў Зміцер.

Дарэчы, у будучым годзе пінская пілігрымка мае намер зноў, як і летась, выйсці з Брэсту і пераадолець 537 кіламетраў.

Пасля ўрачыстай сустрэчы пілігрымак ля санктуарыя прайшла евангелізацыйная праграма і св. Імша для пілігрымаў, якіх прывітаў ганаровы госць свята, папскі пасланнік, кардынал Крыстаф Шонборн. А позна ўвечары адбудзецца Акафіст у выкананні хору Грэка-Каталіцкай Царквы, марыйныя Нешпары, музычная пастаноўка на Год Міласэрнасці і цэнтральная падзея першага дня свята – працэсія з копіяй абраза Маці Божай Будслаўскай і Эўхарыстыя апоўначы. Набажэнствы працягнуцца заўтра. Галоўнай падзеяй стане св. Імша, якую ўзначаліць папскі легат, кардынал Крыстаф Шонборн.

Павел Міцкевіч, Будслаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.