2016-06-30 11:55:00

Францішак: закасаўшы рукавы палегчыць пакуты іншых


Учынкам міласэрнасці прысвяціў сваю пазачарговую агульную аўдыенцыю, якая прайшла 30 чэрвеня 2016 г. у Ватыкане, папа Францішак. Ён папрасіў вернікаў не забывацца, што міласэрнасць - гэта не нейкае тэарэтычнае пытанне, а стыль жыцця. Святы Айцец узгадаў таксама свой нядаўні візіт у Арменію, і падзякаваў усім, хто дапамог падрыхтаваць і правесці яго.

“Колькі разоў на працягу гэтых першых месяцаў Юбілею, мы пачулі пра ўчынкі міласэрнасці! Сёньня Пан заклікае нас зрабіць сур’ёзны рахунак сумлення. Варта, каб мы ніколі не забываліся, што міласэрнасць гэта не абстрактнае слова, а лад жыцця. Чалавек можа быць міласэрным, або неміласэрным. Гэта лад жыцця. Я выбіраю жыць як чалавек міласэрны ці як чалавек неміласэрны. Адна справа казаць аб міласэрнасці, а іншая, жыць ёй. Перафразуючы словы святога апостала Якуба (пар. 2, 14-17), мы можам сказаць: міласэрнасць без учынкаў мёртвая сама па сабе. І так на самой справе ёсць! Тым, што робіць міласэрнасць жывой, з’яўляецца яе пастаянная дынаміка выходжання насупраць патрэб і недахопаў людзей у складанай духоўнай і матэрыяльнай сітуацыі. Міласэрнасць мае вочы, каб бачыць, вушы, каб чуць, рукі, каб ставіць на ногі”, - адзначыў Папа.

Менавіта штодзённасць дазваляе хрысціяніну дакрануцца да патрэбаў самых бедных і слабых. І тут патрэбна асаблівая адчувальнасць да пакут і галечы.

“Часам мы праходзім міма драматычных сітуацый беднасці, бо нам здаецца, што яны нас не датычаць. Усё працягваецца, як быццам нічога не адбылося, у абыякавасці, якая ў рэшце рэшт, робіць нас крывадушнікамі; і не ўсведамляючы таго, мы  прыходзім да формы духоўнай летаргіі, што робіць розум неадчувальным, а жыццё бясплодным. Людзі, якія ідуць па жыцці, не заўважаючы патрэб іншых, не бачачы шматлікіх духоўных і матэрыяльных патрэб, гэта асобы, якія праходзяць без жыцця, асобы, якія не чуюць іншых. Трэба добра памятаць: “Той, хто не жыве, каб служыць, не служыць, каб жыць”, - падзяліўся сваімі разважаннямі Святы Айцец.

Наколькі вялікі спектр аспектаў Божай міласэрнасці ў адносінах да нас, настолькі шматлікая група, патрабуючых гэтай міласэрнасці ад нас, заўважыў Францішак. “Любы, хто спазнаў у сваім жыцці міласэрнасць Бога, не можа заставацца абыякавым да патрэбаў братоў”, “учынкі міласэрнасці – гэта не тэарэтычныя пытанні, але канкрэтнае сведчанне”, “яны забавязваюць нас закасаўшы рукавы палегчыць пакуты”, - дадаў Папа.

“У сувязі са зменамі ў нашым глабалізаваным свеце, памножыліся матэрыяльная і духоўная беднасць: таму давайце зробім месца для фантазіі міласэрнасці, каб вызначыць новыя спосабы працы. Дзякуючы гэтаму, шлях міласэрнасці стане ўсё больш і больш канкрэтным. Таму вельмі важна, каб мы былі пільнымі, як ахоўнікі, каб перад абліччам беднасці, вырабленай культурай дабрабыту, хрысціянскі позірк не аслабеў і не страціў здольнасць заўважаць істотнае. Што значыць, ісці да істотнага? Гэта: шукаць Езуса, бачыць Езуса ў галодным, зняволеным, хворым, голым, беспрацоўным, у тым, хто вымушаны забяспечваць быт сваёй сям’і; бачыць Езуса ў гэтых нашых братах і сёстрах. Заўважыць Езуса ў самотным, сумным, у тым, хто блукае і патрабуе парады, і тым, каму патрэбна маўклівая прысутнасць у падарожжы, каб адчуваць, што нехта яго суправаджае. Гэта тыя справы, якіх Езус патрабуе ад нас”, - сказаў Пантыфік.

Падчас агульнай аўдыенцыі Францішак закрануў і іншую тэму: ён нагадаў пра свой нядаўні візіт у Арменію, першую краіну ў свеце, якая прыняла хрысціянства ў пачатку чацвёртага стагоддзя. Папа нагадаў, што армянскі народ падчас сваёй доўгай гісторыі сведчыў аб хрысціянскай веры праз мучаніцтва, аж да страшнага досведу стогадовай даўнасці, калі яго спрабавалі знішчыць цалкам. Святы Айцец падзякаваў Богу за гэта падарожжа. Таксама словы ўдзячнасці ён выказаў Прэзідэнту Арменіі, Каталікосу ўсіх армян, каталіцкаму епіскапату і ўсяму армянскаму народу.

Папа нагадаў, што праз тры месяцы адправіцца ў Грузію і Азербайджан, дзве іншыя краіны Каўказу, каб ушанаваць старажытныя хрысціянскія карані і падтрымаць надзею і шлях міру.

“Як хрысціяне, мы пакліканы ўзмацняць нашы братэрскія адносіны, каб сведчыць аб Евангеллі Хрыста і быць зачынам больш справядлівага і салідарнага грамадства”, - падкрэсліў Францішак, завяршаючы свае разважанні падчас пазачарговай агульнай аўдыенцыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.