2016-06-30 10:48:00

Візіт Папы ў “Аўшвіц” пройдзе ў форме ціхай малітвы


У адпаведнасці з пажаданнем Святога Айца, яго візіт у былы канцэнтрацыйны лагер “Аўшвіц-Біркенаў” будзе насіць характар “малітвы ў цішыні”. Там не будзе ніякіх прамоў, адбудзецца толькі дэкламацыя Псальма 130, паведаміла Апостальская нунцыятура ў Варшаве.

Самалёт з Францішкам на борце 29 ліпеня 2016 г. каля 9.20 прызямліцца на ўзлётна-пасадачнай паласе, размешчанай недалёка ад былога канцлагера. Адтуль закрытым аўтамабілем ён праедзе да галоўнай брамы мемарыялу і затым электрамабілем – да Блоку 11, дзе яго будзе вітаць прэм’ер-міністр Польшчы. Там Пантыфік сустрэнецца з групай 15 ахвяр Халакосту, памоліцца ля Сцяны Смерці, да якой паставіць запалены зніч.

Потым Францішак зойдзе на кароткую асабістую малітву ў камеру смяротнікаў, дзе ўтрымліваўся св. Максіміліян Марыя Кольбэ. Папскі візіт у гэтае месца супадзе з 75-годдзем з дня смерці мучаніка. Пасля Святы Айцец зробіць запіс у кнізе наведвальнікаў. 

Затым ён адправіцца да помніка ахвярам у Біркенаў. Тут ён спачатку памоліцца ў цішыні перад табліцамі, прысвечанымі памяці ахвяр розных народаў, а затым запаліць зніч. Рабін прачытае Псальм 130 на іўрыце. Малітву працягне адзін з Праведнікаў сярод народаў свету. У непасрэднай блізкасці да помніка размесціцца 25-асабовая група Праведнікаў, якіх прывітае Святы Айцец.

Змена праграмы ў былым канцлагеры “Аўшвіц-Біркенаў” адбылася на асабістае жаданне Святога Айца. Ён сказаў аб гэтым у ходзе прэс-канферэнцыі 26 чэрвеня 2016 г. на борце самалёта падчас вяртання з Арменіі. 

Папскі візіт у Польшчу адбудзецца ў сувязі з правядзеннем Сусветных дзён моладзі ў Кракаве.








All the contents on this site are copyrighted ©.